Улады забаранілі прадаваць «БелГазету» – і ізноў праз карову


Вокладка забароненага да продажу праз «Белсаюздрук» нумару «БелГазеты»

Міністэрства інфармацыі рэкамендавала «Белсаюздруку» «абмежаваць распаўсюд» чарговага нумару штотыднёвіка – і ён знік з прылаўкаў шапікаў.

Імавернаю прычынаю забароны магла стаць як вокладка з загалоўкам «Рага і капыта. Абаср…ая карова як сімвал часу», гэтак і жартаўлівае інтэрв’ю з каровай па выніках шклоўскага разносу Лукашэнкі.

«З’яўляецца недапушчальным, калі асобныя СМІ ці інтэрнэт-рэсурсы, наўмысна гіпербалізуючы крытычныя пасылы, скочваюцца да адкрытай пошласці і хамства. Падобная з’ява, на жаль, становяцца сістэмнай для «БелГазеты», – заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Чыноўнік нагадвае, што культурна-маральны, этычны складнік – неад’емная частка прафесійнай журналістыкі, і папрасілі памятаць пра гэта ўсіх беларускіх журналістаў.

Міністэрства абяцае, што і надалей будзе абапірацца ў прыняцці рашэнняў на прынцыпы журналісцкай этыкі.

«Папяровы нумар газеты можна набыць на запраўках, узяць у бары «Beer Show» на Валадарскага і знайсці ў іншых месцах – забарона тычыцца толькі сеткі «Белсаюздруку», – распавёў Белсату PR-мэнеджэр выдання Яўген Малахоўскі.

Апошні раз з продажу ў «Белсаюздруку» нумар «БелГазеты» выключылі ў траўні 2017-га. Тады на вокладцы таксама былі каровы і быкі – яны і сталі прычынай забароны.

Пазней, праўда, аказалася, што забарона была неабгрунтаванай: Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, вывучыўшы ілюстрацыю, прыйшла да высновы, што яна «не ўтрымлівае элементаў эротыкі, парнаграфіі, заафіліі, гвалту і жорсткасці. Паводле жанру гэта інфармацыйны фотаздымак, на якім зафіксавана праца спецыяліста па ветэрынарыі і заатэхнік».

«БелГазета» – адно з нямногіх незалежных папяровых выданняў у Беларусі.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары