Міністар аховы здароўя Беларусі выказаўся наконт «ксенафобіі» ў звязку з каронавірусам


Міністэрства аховы здароўя Беларусі выступае супраць праявы ксенафобіі да кітайцаў на фоне сітуацыі з каронавірусам. Пра гэта паведамляе interfax.by.

«Я б пазбег слова расізм, і назваў бы гэта элементамі ксенафобіі», – сказаў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік, адказваючы на ​​пытанне журналістаў аб паніцы сярод насельніцтва, якая ўзнікае ў сувязі з каронавірусам.

Міністр падкрэсліў, што «мы заўзятыя праціўнікі любой ксенафобіі». «Трэба разумець, што ў нас дастаткова шмат кітайскіх грамадзянаў навучаецца – каля 5 тысяч грамадзянаў, і працуе. І абсалютная большасць з іх на час кітайскага Новага года за межы Беларусі не выязджала», – сказаў ён.

«Таму, калі мы бачым кітайскіх, карэйскіх, японскіх або в’етнамскіх грамадзянаў, якія ходзяць у нас па вуліцах, то гэта тыя людзі, якія ў нас вучацца і не пакідалі тэрыторыю Беларусі або завяршылі медычнае назіранне, якія мы ажыццяўлялі», – дадаў кіраўнік міністэрства.

Акрамя таго, Каранік адзначыў, што самы дзейсны спосаб барацьбы з панікай – гэта інфармаванне.

«Трэба распавядаць людзям, даводзіць інфармацыю. Мы не спрабуем нічога схаваць, мы максімальна адкрыты і гэта пазіцыя Міністэрства аховы здароўя, таму што адсутнасць інфармацыі спараджае розныя чуткі і панічныя настроі», – падкрэсліў міністр.

Аб’ектыў
Кітайцаў засялілі пад Радашковічамі
2020.02.10 21:37
  • Эпідэмія каронавірусу распачалася ў канцы 2019 года ў горадзе Ўу-Хань правінцыі Ху-Бэй. Агулам з таго часу ў КНР пацвердзілі 70 548 выпадкаў заражэння каронавірусам, ад якога памерлі 1770 асобаў. 10 844 чалавек выпісалі са шпіталяў, і прыкладна столькі ж знаходзяцца ў цяжкім стане. Пад медычным наглядам зараз знаходзяцца 150 539 асобаў. У Беларусі на сённяшні дзень выпадкаў захворвання каронавірусам не зафіксавана.
  • Сімптомы каронавірусу падобныя да грыпавых – павышаная тэмпература, кашаль, цяжка дыхаць. Новы каронавірус 2019-nCoV выклікае пнеўманію ды ўскладненні. Галоўная небяспека вірусу: ён перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад чалавека да чалавека, а таксама адаптуецца і мутуе.
  • Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала эпідэмію каронавірусу ў Кітаі надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу. У класіфікацыі СААЗ такімі сітуацыямі лічацца «экстраардынарныя падзеі, якія будуць прадстаўляць рызыку ў галіне аховы здароўя іншым дзяржавам» і «патэнцыйна патрабуюць скаардынаваных дзеянняў міжнароднай супольнасці».
Hавiны
«Каб перадухіліць паніку». У Бабруйску запусцілі дадатковую вытворчасць марлевых павязак
2020.02.12 11:56

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў