Кітайцаў засялілі пад Радашковічамі


Эпідэмія новага забойчага каронавіруса яшчэ не дасягнула свайго піку, хоць колькасць новых заражаных падае – заявіў афіцыйны прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя ў Кітаі. Годэн Галея падкрэслівае, што яшчэ няясна, наколькі спрацавалі каранцінныя захады ў кітайскай правінцыі Ху-Бэй. Кітайскія навагоднія канікулы скончыліся, час вяртацца да працы. Але ў Пекіне бязлюдна, аўтобусы пустыя і паўсюль праверка на дарогах, толькі замест зброі – электронныя тэрмометры.

«Мяркую, мы можам паводзіцца, нібы нічога не здарылася. Мая кампанія падрыхтавала для нас ахоўныя матэрыялы, маскі. Таксама будзе дэзынфекцыя і спірт. Жыццё працягваецца, не можам жа мы перастаць выходзіць або проста спыніць працу, баючыся хваробы?» – кажа Ірыс Кэ, працаўніца пекінскай кампаніі, якая яшчэ некалькі тыдняў плануе працаваць з дому дыстанцыйна.

Больш за 300 кітайскіх фірмаў звярнуліся па мільённыя крэдыты для пераадолення наступстваў каронавіруса, у тым ліку буйныя карпарацыі кшталту «Xiaomi». Эканамісты кажуць, што ўдар каронавіруса запаволіць рост кітайскай гаспадаркі да 5%.

«Кітай – вялікая краіна, і Пекін – гэта сталіца. Далейшае прыпыненне вытворчасці ды іншай працы ўдарыць па эканоміцы», – мяркуе Ўан Шу Хўэй, студэнт каледжу, які плануе вяртацца на вучобу ў Аўстралію праз Малайзію.

Толькі ў кітайскай сталіцы паўсотні чалавек памерлі ад каронавіруса. Агулам у свеце на сёння захварэлі 40 540 асобаў, памерлі 910, але выздаравелі 3383, з іх 647 – за мінулы дзень. Большасць інфікаваных – у правінцыі Ху-Бэй, дзе новы вірус упершыню перадаўся чалавеку ад дзікай жывёліны пангаліна. Але пагроза глабальная.

«Кітай даў зразумець, што ім спатрэбяцца сродкі персанальнай абароны, кшталту пальчатак, масак і халатаў. І мы складаем мапу магчымасцяў, чым Еўразвяз можа дапамагчы Кітаю, і арганізоўваем гэтую дапамогу. Частка ўжо накіраваная ў Кітай – каля 12 тон грузу з Нямеччыны і Францыі», – распавёў еўракамісар крызіснага кіравання Янэз Ленарчыч.

Вось што паказвае новае эпідэміялагічнае даследаванне каронавіруса 2019-nCoV, апублікаванае сёння. Інкубацыйны перыяд хваробы – то бок ад моманту заражэння да праявы сімптомаў – мінімум 3 дні, максімум – ажно 24 дні. І падвышаную тэмпературу, якую мераюць на блокпастах і аэрапортах, мелі 43% пацыентаў.

«Самае ранняе, калі з’явіцца вакцына супраць гэтага каронавіруса, гэта, хутчэй, верасень або канец года. Хаця ідуць працэсы, каб паскорыць яе распрацоўку», – тлумачыць прафесар Азра Гані, загадчыца кафедры эпідэміялогіі ў Лонданскім імперскім каледжы.

У Беларусі кітайскага каронавіруса не знайшлі. А каб яго тут і не было, наладзілі ўзмоцнены санітарна-каранцінны кантроль на межах. Кітайскія студэнты беларускіх ВНУ – не з заражаных раёнаў – яшчэ ў пятніцу заселеныя на два тыдні ў аздараўляльны лагер БДУ «Брыганціна» пад Радашковічамі.

«Гэта не каранцін. Няма людзей у адмысловай форме, абароненых. Максімум – гэта маска», – неафіцыйна паведаміў «Белсату» дырэктар комплексу «Брыганціна» Уладзімір Палякоў.

Дырэктар «Брыганціны» размаўляць з журналістамі адмовіўся, накіраваў у Міністэрства аховы здароўя, але запэўніў, што кітайскія студэнты за тэрыторыю не выходзяць, хоць яна і не ачэпленая. У суседнім санаторыі «Сасновы бор» панікі няма, але ўваход у санаторную краму заблакавалі – на ўсялякі выпадак. Вось што кажуць госці «Сасновага бору», пераважна грамадзянкі Расеі:

«Мне кажуць – можна толькі праз будынак, бо дзверы заблакавалі, каб кітайцы не хадзілі».

«Некаторыя баяцца, а хтосьці кажа нічога страшнага, там жа каранцін у іх».

«Калі імунітэт ёсць… Заразімся то заразімся».

Цяпер у Беларусі вучыцца 5 тысяч студэнтаў з Кітаю, з іх на канікулы дадому выязджалі 920. Толькі за сёння ў «Брыганціну» засялілася паўсотні кітайцаў.

Яраслаў Сцешык belsat