Мінабароны Расеі не паведаміла пра гібель расейскага вайскоўца ў Сірыі


Фота з архіву сям'і загінулага

У Сірыі загінуў 28-гадовы малодшы сяржант, які ў кастрычніку 2018 года паехаў у другую камандзіроўку ў Сірыю. Пра гэта паведамляе ВВС са спасылкай на сваякоў вайскоўца і даведку пра смерць.

У даведцы гаворыцца, што жыхар Арэнбургскай вобласці Андранік Арустамян загінуў 2 лістапада 2018 года на КПП у сірыйскім горадзе Аш-Шула. Арустамян быў малодшым сяржантам, служыў у расейскім войску па кантракце.

Ён адкрываў мінны шлагбаум, але не ўтрымаў яго і перакуліў – чатыры міны ўзарваліся. Малодшы сяржант атрымаў траўмы, не сумяшчальныя з жыццём. На наступны дзень пасля смерці цела ваеннага даставілі ў Маскву, а 4 лістапада яго пахавалі на радзіме. Сваякі Арустамяна афіцыйную версію яго смерці ставяць пад сумнеў. Пра гібель вайскоўца афіцыйна Мінабароны нічога не паведамляла.

«Процітанкавая міна не павінна здэтанаваць, калі яе ўпусцяць з невялікай вышыні, – кажа адзін з яго родных. – Іншая справа, што ўвесь сэнс гэтай аперацыі – рэклама расейскай зброі. Так што ракеты, самалёты, танкі ў Сірыю адпраўляюцца самыя новыя, а боепрыпасы, снарады і міны яшчэ савецкія, многія з якіх даўным-даўно варта было б утылізаваць. Бракаваная міна, напэўна, магла б падарвацца і ад падзення».

Пра гібель у Сірыі на трасе Дамаск – Дэйр-эз-Зор некалькіх расейцаў у пачатку лістапада 2018 года пісала «Новая газета». Тады, па падліках выдання, загінулі 11 чалавек – пяцёра байцоў Сірыйскай урадавай арміі і шэсць чалавек, якія, меркавана, былі байцамі «ПВК Вагнэра». Гэтую структуру звязваюць з расейскім бізнесменам Яўгенам Прыгожыным.

Афіцыйна расейскія ўлады сітуацыю не каментуюць.

У 2017 годзе «Белсат» высветліў, што жыхар Гомля Аляксей Ярашэвіч загінуў у верасні пад Дэйр-эз-Зорам. Імаверна, ён належаў да «ПВК Вагнэра». Іншыя беларусы-байцы гэтага засакрэчанага падраздзялення перыядычна прыязджалі ў Беларусь і нават зрабілі тут новыя пашпарты.

Баевікі ПВК Вагнэра прыязджалі ў Беларусь і зрабілі тут новыя дакументы. Расследаванне «Белсату»

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары