Баевікі ПВК Вагнэра прыязджалі ў Беларусь і зрабілі тут новыя дакументы. Расследаванне «Белсату»


Беларусы з так званай «Прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра» свабодна прыязджаюць у Беларусь, не хаваюцца ад праваахоўных органаў і нават атрымліваюць на радзіме новыя пашпарты. Belsat.eu даведаўся эксклюзіўныя факты пра беларускіх наймітаў.

Сямейны падрад «Вагнэра»

У папярэднім матэрыяле belsat.eu, дзе ўпершыню былі названыя ўсе 11 прозвішчаў з беларускага спісу «Вагнэра», мы адзначалі: 42-гадовы Уладзімір Курыненка – адзіны, пра каго не атрымалася нічога высветліць. Сітуацыя змянілася, калі валанцёрская суполка «Ихтамнет_М0209» знайшла акаўнты Курыненкі ў сацсетках.

Уладзімір Курыненка. Фота з сацыяльных сетак

Паводле Службы бяспекі Украіны, Курыненка – камандзір 1-га ўзвода 3-й разведвальна-штурмавой роты. Фотаздымкаў з вайны на старонцы Курыненкі няма. Затое ён падпісаны на шматлікія тэматычныя паблікі пра вайну ў Сірыі і на Данбасе. У ягоных сябрах «Вконтакте» – трое «вагнэраўцаў» з Расеі, чые дадзеныя раней таксама апублікавала СБУ. Сярод іх – Андрэй Лебедзеў з Яраслаўскай вобласці. Паводле ўкраінскіх спецслужбаў, Лебедзеў 14 чэрвеня 2014 года збіў пад Луганскам самалёт ІЛ-76 з украінскімі дэсантнікамі на борце. Тады загінулі 49 чалавек.

Скрыншот з дакладу СБУ

Дачка Курыненкі Яніна вучыцца ў Менску. Пасля спробы звязацца з дзяўчынай «Вконтакте» карэспандэнт belsat.eu адразу трапіў у «чорны спіс». Цётка баевіка Раіса, якая жыве ў Маскве, заявіла нам, што чытала ў інтэрнэце пра службу сваяка ў «ПВК Вагнэра», але «не ведае, чаму верыць». «Цяпер ён не выходзіць на сувязь», – дадала яна.

Родам Уладзімір Курыненка з Іванава на Берасцейшчыне. У тэлефонным даведніку за 2017 год у Іванава прозвішча Курыненка фігуруе толькі па двух адрасах. Адзін з іх (на вуліцы Савецкай) супадае з адрасам, дзе прапісаны яшчэ адзін «вагнэравец» – Эдвард Давыдаў.

Эдвард Давыдаў. Фота з сацыяльных сетак

Як высветлілася, Уладзімір Курыненка – родны дзядзька Давыдава.

«Хутчэй паверыў бы, што ён за маджахедаў ваяваў»

Станцыя Янаў-Палескі, Іванава

«Я ў шоку! Курыненка ваяваў у Сірыі? За расейцаў? Хутчэй паверыў бы, што ён за маджахедаў ваяваў, – смяецца знаёмы Уладзіміра, якога мы сустракаем у двары ягонага дому ў Іванава, – Наколькі я ведаю, у яго тут былі праблемы з законам, таму ён яшчэ гадоў сем таму з’ехаў працаваць у Расею, на Поўнач. Калі нешта звязанае з крыміналам, з тым, каб напаскудзіць, жульнічаць – гэта на яго падобна. А вось каб ваяваць за Расею – я моцна сумняюся».

Чым наогул займаецца Курыненка – суседзі не ведаюць. Верагодна, ні прафесіі, ні сталай працы ён ніколі не меў. У Іванава апошнім часам яго бачаць рэдка, але дадому ён усё ж прыязджае.

Уладзімір Курыненка. Фота з сацыяльных сетак

«Дзесьці ў верасні да яго прыходзіла міліцыя. Не ведаю, з якой прычыны. Але не арыштоўвалі. Ужо потым, тыдні 2-3 таму, я яго зноў тут бачыў», – распавядае сусед.

Пра тое, што Курыненка ваяваў у Сірыі, суседзі ўпершыню пачулі ад карэспандэнта belsat.eu. Але пра Эдварда Давыдава такія размовы ходзяць – ягоныя дадзеныя некаторыя знаёмыя бачылі ў інтэрнеце, у ліпеньскай заяве СБУ.

Давыдаў (справа) у беларускім войску. Фота з сацыяльных сетак

«Эдзік пасля прыехаў і сказаў нам, што гэта ўсё няпраўда. Маўляў, гэта ягоная дзяўчына проста пажартавала. Мы ведаем, што пасля школы ён служыў у беларускай арміі, вярнуўся сяржантам. Потым у вучэльні атрымаў спецыяльнасць зваршчыка, працаваў на газапровадзе. А некалькі гадоў таму паехаў на заробкі ў Расею, у Краснадарскі край (менавіта пад Краснадарам, у Молькіна, знаходзіцца база ПВК Вагнэра – заўвага belsat.eu»)», – распавядае суседка Давыдава.

Паводле крыніцаў belsat.eu, Давыдаў далучыўся да ПВК Вагнэра ў красавіку 2015 года пад пазыўным «Гусар».

«Хіба ваяваць у Сірыі забаронена? – здзіўляецца яшчэ адна суседка, – Хадзілі чуткі, што пасля таго, як пра Давыдава напісалі ў інтэрнэце, пракуратура распачала праверку. Але дакладна скажу: суседзяў ніхто з праваахоўнікаў не апытваў. Не ведаю, ці праўда тое, што пра яго кажуць. Звычайна едуць ваяваць за грошы туды, каб кватэру, напрыклад, набыць. А ў яго кватэра ёсць, ён рамонт нядаўна зрабіў».

«Нічога кепскага пра Эдзіка сказаць не можам, – распавядаюць жыхары дому на вуліцы Савецкай, – Ветлівы, ціхі, заўсёды вітаецца. Ён насамрэч няшчасны хлопец, фактычна сірата, усе сваякі памерлі. Адзіны родны чалавек у яго – Уладзімір (Курыненка)».

Пад’езд дому, дзе жывуць Давыдаў і Курыненка

Усе суседзі пацвярджаюць: Эдвард Давыдаў пераважна знаходзіцца за мяжой, але ў Беларусь прыязджае рэгулярна. Апошні раз яго бачылі на мінулым тыдні.

Пры гэтым ад праваахоўнікаў Давыдаў не хаваецца. У лютым 2016 года ён атрымаў у Іванава новы пашпарт (то бок, у статусе баевіка ПВК Вагнэра).

Карэспандэнту belsat.eu у кватэры Давыдава-Курыненкі ніхто не адчыніў.

Дзверы кватэры Давыдава

Маці ў міліцыі – сын на Данбасе і ў Сірыі

Новы беларускі пашпарт у кастрычніку 2016 года выдалі і Аляксандру Ступніцкаму, які на той момант ужо паспеў паваяваць на Данбасе і ў Сірыі, атрымаць баявое раненне і дзяржаўную ўзнагароду РФ.

Крыніца перадала belsat.eu копію ягонага пашпарту, дзе пазначана дата выдачы – 27 кастрычніка 2016 года.

Скрыншот пашпарту Аляксандра Ступніцкага

Паводле крыніцы, якая пажадала захаваць ананімнасць, 2 сакавіка 2016-га Ступніцкі атрымаў раненне ў Сірыі, у раёне Пальміры. Пазней разам з баевікамі ПВК Вагнэра- грамадзянамі Расеі беларус атрымаў «Ордэн мужнасці» з фармулёўкай «за ўдзел у аператыўна-разведвальных і адмысловых мерапрыемствах у раёне Пальміры».

Пра жыццё 29-гадовага аршанца Ступніцкага да вайны на Данбасе вядома няшмат. У адкрытых крыніцах няма звестак пра ягонае месца вучобы і працы, невядома, дзе ён праходзіў тэрміновую службу.

Аляксандр Ступніцкі з жонкаю, фота – VK.com

Ягоная маці Марыя, паводле словаў сваякоў, працуе ў мясцовым аддзеле Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных справаў. Суседзі сцвярджаюць, што і Аляксандр «працаваў у ахове». Нельга выключаць, што гаворка вядзецца менавіта пра гэтае падраздзяленне МУС. Мы патэлефанавалі ў аддзел, дзе адразу два чалавекі пацвердзілі нам, што Марыя Ступніцкая сапраўды там працуе – «дзяжурнай на пульце».

На трэніравальную базу «Вагнэра» у Краснадарскім краі Ступніцкі, імаверна, патрапіў у 2014 годзе, адтуль накіраваўся ў сваю першую «камандзіроўку» на Данбас. У Данецку ён сустрэў будучую жонку Анастасію. З акаунту дзяўчыны ў сацыяльных сетках вынікае, што неўзабаве пасля вяселля пара перабралася ў Воршу, у іх нарадзілася дзіця. Пры гэтым перыядычна Анастасія бывала ў Менску. Пасля нашых спробаў звязацца праз сацсеткі, яна закрыла або выдаліла ўсе акаунты.

Скрыншот са старонкі Анастасіі Ступніцкай

Блізкі сябар сям’і, які прасіў не згадваць ягонае імя, распавёў:

«Вярнуліся яны даўно, недзе гады тры прайшло. Наста дзіця нараджала тут у 2015-м годзе, у мясцовай радзільні, дакументы ёй зрабілі».

Пад’езд дому ў Воршы, дзе да нядаўняга часу жыў Аляксандр Ступніцкі з жонкаю

На сайце «Міратворац» апублікаваныя некаторыя адрасы баевікоў ПВК, ёсць сярод іх і адрас прапіскі Ступніцкага ў Воршы. Журналісты belsat.eu накіраваліся на 1-ю Маладзёжную вуліцу ў мікрараёне Кірпічны. Па дамафоне ў самой кватэры ніхто не адказаў, але нам удалося пагаварыць з суседкай, якая распавяла, што Ступніцкія жылі тут да ліпеня.

«А потым з’ехалі ў адпачынак у Крым, падаецца. І вось ужо некалькі месяцаў іх няма».

Тое ж самае пацвярджае яшчэ адна суседка па лесвічнай клетцы. Паводле яе, Ступніцкіх можна было часта пабачыць у двары з дзіцём, а «летам яны раптам кудысьці зніклі».

Напрыканцы ліпеня СБУ апублікавала справаздачу, дзе сярод іншага былі названыя імёны беларусаў з ПВК Вагнэра. У гэты ж час Ступніцкія пакідаюць Беларусь пасля амаль трох гадоў жыцця ў Воршы. Анастасія посціць фота з геалакацыяй у Крыме, пазней з’яўляюцца яе фота з Данецку. Аляксандра на новых здымках няма.

Мы звязаліся з цёткай Ступніцкага Дар’яй, якая пацвердзіла, што ён жыў у Беларусі і цяпер з’ехаў.

«Дзеці паехалі пагуляць па Расеі, пакуль маладыя. Канешне, яны збіраюцца вяртацца ў Воршу, калі – цяжка сказаць»

Гаварыць пра ўдзел сваяка ў вайне на Данбасе жанчына гаварыць катэгарычна адмаўляецца і пачынае хвалявацца, кідае слухаўку. Марыя Ступніцкая, не адказала на нашае тэлефанаванне.

«Легіянер» мяняе прапіску

Руслан Бабінін. Фота з сацыяльных сетак

Руслан Бабінін у 2003 годзе фігураваў у сюжэце каналу «Россия 1» як баец Французскага замежнага легіёну. Дакладна вядома, што пасля чалавек з такім імем адкрыў у Парыжы прыватную кампанію па пракаце турыстычных аўтобусаў і рэтра-аўтамабіляў. Кампанія праіснавала некалькі год, у 2015 яна была ліквідаваная. Імаверна, прыкладна ў гэты час Бабінін патрапіў да «Вагнэра».

Акаунты Бабініна ў сацыяльных сетках неактыўныя, але ў яго ёсць шмат сяброў-выпускнікоў Курганскага памежнага інстытуту ФСБ РФ. Мы напісалі аднаму з іх, але чалавек імгненна заблакаваў старонку і забаніў журналіста.

Руслан Бабінін. Фота з сацыяльных сетак

Паводле інфармацыі belsat.eu, у верасні 2015 года Руслан Бабінін змяніў адрас прапіскі. Мы накіраваліся па новым адрасе ў Менску, але Бабініна там не было. Па дамафоне адказала ягоная маці.

«Руслан не жыве ў Беларусі 23 гады, але прапісаны тут, так. А да таго меў прапіску ў Магілёве… Нічога больш не скажу, не лезьце ў чужую сям’ю!», – нервова адрэагавала яна.

Бабініны сапраўды доўга жылі ў Магілёве, куды пераехалі з Казахстану. У 70-я гады Руслан хадзіў у магілёўскую школу №29. Калі сям’я змяніла месца жыхарства на Менск – дакладна невядома.

Натуральна, каб паставіць штамп у пашпарце з новым адрасам рэгістрацыі, Бабініну неабходна было прыехаць у Беларусь, што ён і зрабіў восенню 2015-га.

Раней belsat.eu распавядаў, што ўжо маючы за плячыма службу ў ПВК Вагнэра Беларусь таксама наведвалі Вадзім Юшкевіч, Сяргей Сазанаў, Канстанцін Гірс і Андрэй Бакуновіч.

  • 26 ліпеня Служба бяспекі Украіны апублікавала даклад, прысвечаны ПВК Вагнэра. Сярод іншага, СБУ заявіла, што ў «Вагнэра» служылі 11 грамадзянаў Беларусі. Двое з іх загінулі яшчэ ў 2014-2015 гг. на Данбасе. З 9 жывых «вагнэраўцаў» на сувязь з журналістамі выходзіў толькі Гірс, але ён зняпраўджваў заяву СБУ. Праваахоўныя органы Беларусі інфармацыю наконт службы беларусаў у «ПВК Вагнэра» не каментавалі.
  • Акрамя 11 асобаў, пералічаных СБУ, ёсць звесткі, што ў шэрагах ПВК Вагнэра ваяваў мінімум яшчэ адзін беларус – 42-гадовы гамяльчук Аляксей Ярашэвіч. Ён загінуў у Сірыі ў верасні 2017 года.
  • ПВК Вагнэра, паводле медыяў, неафіцыйна падначаленае Генштабу РФ. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнэраўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнэраўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў ПВК Вагнэра – каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.
  • Падраздзяленне атрымала назву праз пазыўны яе камандзіра – былога падпалкоўніка 2-й асобнай брыгады спецназу ГРУ Дзмітрыя Уткіна.
Стужка навінаў