Журналісты Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў атрымалі штрафы па 765 рублёў кожны за сюжэт для «Белсату».
Такую пастанову вынес сёння, 1 лютага, суддзя Руслан Гурын у Судзе Ленінскага раёну Горадні. Нагодай стаў сюжэт «Гісторыкі даследуюць старажытныя гарадзенскія падвалы», які выйшаў на «Белсаце». Абодвум журналістам інкрымінаваўся артыкул 22.9 КоАП РБ – «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».
Падчас паседжання суддзя заслухаў двух сведкаў: гісторыка і музейнага супрацоўніка Яна Лялевіча і блогера Руслана Кулевіча. Паводле міліцэйскага пратаколу, яны давалі журналістам каментары для відэасюжэту. Яшчэ адна асоба, якая праходзіла сведкам, – міліцыянт Максім Кашкевіч. Як патлумачыў іншы супрацоўнік МУС, Кашкевіч апынуўся сярод сведкаў, бо… наўпрост глядзеў увечары «Белсат» ды ўбачыў вышэйзгаданы сюжэт і яго герояў. Зрэшты, самога Кашкевіча ў судзе так ніхто і не пабачыў.
У выніку журналісты Кіркевіч і Дзянісаў атрымалі штрафы па 30 базавых велічыняў кожны, то бок па 765 рублёў. Ад сведчанняў у судзе яны адмовіліся, з пастановай нязгодныя і збіраюцца неўзабаве яе абскарджваць.
БС, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu