Гісторыкі даследуюць старажытныя гарадзенскія падвалы


Усе ведаем пра Горадню як перлу беларускай старадаўняй архітэктуры – вузкія, не падобныя адна на адну вулачкі, шляхетныя будынкі і замкі. Але ці не менш цікавым можа быць тое, што схавана ад нашых вачэй. 70% Старой Горадні захавала аўтэнтычныя падвалы і сутарэнні. Некаторыя з іх паўсталі яшчэ ў Сярэднявеччы, але толькі цяпер гісторыкі ды актывісты ўзяліся за іх даследаванне, каб разгалінаваныя сутарэнні сталіся для турыста яшчэ адной прычынай наведаць горад над Нёмнам, а мясцовым жыхарам ганарыцца сваёй гісторыяй.

«Прыязджайце ка мне ў Беларусь…» Кася Камоцкая ў вобразе гарадзенкі ў 39-м годзе сардэчна запрашае гасцей з Усходу: «Беларусь, край адкрытых дзвярэй. Горад Гродна, Савецкая 8». Але не менш адметны суседні будынак на былой Дамініканскай, а сёння – Савецкай 7. Тым больш дзверы ў падвал адчыненыя. Медыяэксперт з Горадні Руслан Кулевіч распавядае:

«Гэта стагоддзе 17-18е. У гэтым будынку двух’ярусны падвал, таму што адрозніваюцца цэглай (пальчаткай) і многае іншае».

Асноўная частка забудовы Старой Горадні адносіцца да канца 19-га стагоддзя. У 1885-ым годзе ў горадзе адбыўся пажар, які знішчыў амаль увесь цэнтр. Тады на месцы старых падмуркаў, паўсталі вось такія будынкі ў стылі эклектыкі.

«Менавіта тут была адна з канспіратыўных кватэраў гродзенскай паўстанцкай арганізацыі, і я думаю, закрыўшыся, маглі праводзіць канспіратыўныя нарады: сустрэча Каліноўскага і Рублеўскага – вось у гэтым падвале. А чаму б і не ўласна?» – кажа гісторык з Горадні Ян Лялевіч.

Яшчэ адна легенда – нібыта ўсе касцёлы і замкі Старога гораду звязаныя паміж сабою хадамі. Колькі ў гэтым праўды? Адкрывальнік сутарэнняў Руслан Кулевіч пакуль нам не прызнаецца. Але дакладна ўсімі звесткамі і ідэямі дзеліцца з чыноўнікамі:

«І наагул усе падвалы маюць цікавыя легенды. І горад ці інвестар можа выкарыстоўваць гэта для гараджанаў і турыстаў, дык наагул супер будзе».

Пакуль жа гэта здабытак гараджанаў. Але ўжо цяпер гэта плюс адна прычына, каб наведаць Горадню і дакрануцца да аўтэнтычнай гісторыі.

Алесь Залеўскі, belsat.eu