Сталічная міліцыя папярэдзіла аб неабходнасці выканання закону падчас масавых імпрэзаў.
Напярэдадні святкавання Дня Волі сталічная міліцыя нагадала ўдзельнікам імпрэзаў аб абавяўку выконваць грамадскі парадак і законныя патрабаванні арганізатараў сходаў, валанцёраў, якія будуць пільнаваць парадак і уласна саміх міліцыянтаў.
Далей на старонцы ГУУС Менгарвыканкаму пералічаныя 12 абзацаў таго, што ўдзельнікам свята забараняецца.
У прыватнасці, удзельнікам імпрэзы нельга:
– замінаць руху транспарту і мінакоў, ставіць намёты і перашкаджаць міліцыі ды валанцёрам ахоўваць грамадскі парадак;
– хаваць твар (напрыклад, за маскай);
– прапагандаваць вайну або экстрэмізм;
– падбухторваць удзельнікаў імпрэзы да парушэння грамадскага парадку;
– быць п’янымі або пад дзеяннем наркотыкаў.
На свята нельга прыносіць:
– зброю і яе муляжы, выбухоўку, піратэхніку ды гаручыя рэчывы;
– незарэгістраваныя сцягі, банэры, плакаты, вымпелы і эмблемы;
– алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва;
Падчас свята алкаголь нельга будзе прадаваць у радыусе 500 метраў ад месца імпрэзы.
Міліцыя таксама просіць быць пільнымі і паведамляць праваахоўнікам аб падазроных асобах і рэчах без нагляду.
Адзначаць Дзень Волі і 101-ую гадавіну БНР беларусы будуць цягам трох дзён.
23 сакавіка з 13:00 да 17:00 ў Горадні ў Каложскім парку пройдзе мітынг і канцэрт, на якім выступяць Лявон Вольскі, «Крама», «Dzieciuki», Зміцер Вайцюшкевіч і «Дай дарогу». У перапынках прамовяць гісторыкі, святары, палітыкі ды арганізатары.
24 сакавіка рух «За свабоду», БХД, БСДП і АГП ладзяць а 13-й святочны канцэрт у Кіеўскім скверы ў Менску. Імпрэзу дазволіў Менгарвыканкам.
25 сакавіка арганізатары нядзельнага канцэрту збіраюцца зладзіць а 18:30 шпацыр ад Кастрычніцкай плошчы да Валадарскага, 9 – месца, дзе абвесцілі незалежнасць БНР.
ДД