Міхаіл Куцко: карупцыйная справа Бегуна – гэта лакмусавая паперка


Міхаіл Куцко – былы аператыўнік, а зараз – давераная асоба Бегуна.
Фота: «Белсат»

Гэтак кажа былы аператыўнік і давераная асоба былога намесніка кіраўніка МНС Зміцера Бегуна, які трапіў за краты нібыта за атрыманне хабару. Міхаіл Куцко падаў скаргу на прысуд у Камітэт правоў чалавека ААН.

Былы аператыўнік з Горадні, які сам пабываў за кратамі, зараз аказвае юрыдычную дапамогу іншым, на ягоны поглыд, несправядліва зняволеным. У прыватнасці, ён аналізуе справу інвестара Аляксандра Мураўёва ды палкоўніка Зміцера Бегуна, якія зараз адбываюць тэрміны ў няволі. Гэтым разам Куцко напісаў скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН на аснове парушэнняў следства ў справе Бегуна.

Hавiны
Былы працаўнік МУС выявіў неадпаведнасці ў справе экс-намесніка кіраўніка МНС Змітра Бегуна
2020.01.31 07:00

Скарга за скаргаю

У скарзе вядзецца пра шэраг парушэнняў: ад таго, што следчы спрабаваў дапытаць Бегуна па асабліва цяжкім злачынстве без прысутнасці адваката, да таго, што фігуранта справы падчас судовага разбіральніцтва ўтрымлівалі ў клетцы, што не адпавядае міжнародным прававым нормам.

Асобным абзацам у скарзе згадваецца момант, калі віна палкоўніка не была даведзеная, а кіраўнік дзяржавы на этапе следства публічна заявіў: «Свеціць восем гадоў мінімум». Роўна столькі – восем гадоў зняволення – былы намеснік кіраўніка МНС і атрымаў.

Зміцер Бегун у судзе. Фота Белапан

Згодна з палажэннямі КПЧ (Камітэту правоў чалавека), каб падаць туды скаргу, трэба прайсці ўсе нацыянальныя інстанцыі, якія сканчаюцца Вярхоўным судом. Гэтыя этапы пройдзеныя: Зміцер Бягун пісаў скаргу да старшыні Менскага гарадскога суда, пасля – да намесніка старшыні Вярхоўнага Суда сп. Аніскевіча, і на імя старшыні ВС сп. Сукалы (на яе адказаў першы намеснік Калянковіч).

«Сутнасць такая: у адказах на скаргі нават не абвяргаюць наяўнасць парушэнняў. Іх называюць, пералічваюць. Усе парушэнні прызналі або нязначнымі, або такімі, якія не маюць дачынення да справы. Кідаецца ў вочы і непісьменнасць адказаў. Я дапускаю, што пасля гэтага ў адносінах да мяне ці маіх блізкіх можа мець месца ціск з боку ўладаў, але спакойна глядзець на беззаконне не магу», – сцвярджае Міхаіл Куцко.

Дакінулі паў гады праз савецкую прысягу

У адказах з Вярхоўнага суда апелююць да прысягі, якую Бегун даў за часамі СССР.
Фота: «Белсат»

Што менавіта адказвалі на скаргі па справе? Напрыклад, у першым адказе ад 19.08.2019 г. намеснік старшыні вярхоўнага суддзі Аніскевіч апелюе да парушэння Бегуном прысягі, дадзенай 31.11.1990 г., то бок… у часы СССР. Яшчэ абласны суд вызнаў гэта ў ліку «абставінаў, якія абцяжарваюць».

«Бягун служыў у СССР і там даваў прысягу, – тлумачыць Куцко, – Але гэтай дзяржавы ўжо не існуе, а яе правапераемнікам з’яўляецца Расея. Адзіны пункт прысягі, які картэлюецца з ягоным злачынствам (атрыманнем хабару – рэд. «Белсат»), гэта радок з прысягі «меўся прытрымлівацца сацыялістычнай законнасці».

З нашай Канстытуцыяй гэта ўжо ніяк не суадносіцца. Тым не менш, такая спасылка дадала Бегуну яшчэ паў гады за кратамі. Чаму гэтак было зроблена?

«Бо кіраўнік дзяржавы публічна сказаў пра «восем год мінімум», а Бегуну «свяціла» 7,5 год. Вось і выкарысталі пункт з савецкай прысягай, каб дакінуць паў гады!», – тлумачыць абаронца зняволенага.

Ёсць і чыста юрыдычныя памылкі, не заўважныя для няўзброенага вока, на якіх акцэнтуе ўвагу Куцко.

«Напрыклад, у адказе на скаргу вядзецца пра «аператыўныя мерапрыемствы адносна Бегуна», хоць юрыдычна мае быць «аператыўна-вышукавыя мерапрыемтсвы». Гаворыцца, што гэтыя мерапрыемствы былі санкцыянаваныя, але ў рэальнасці яны праводзіліся на падставе пастановы кіраўніка ДФР. А там, дзе гаворка пра «пастанову аб прад’яўленні абвінавачвання», то… нават фармулёўкі такой не існуе, бо трэба пісаць «пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага».

«Гора-юрысты не ведаюць нават элементарных нормаў права ды УПК, але яны – апошняя прававая інстанцыя краіны», – робіць выснову былы супрацоўнік МУС.

«Неістотна» і «Не мае значэння»

Значнае як «нязначнае» у адказах з суда.
Фота: «Белсат»

З адказам на скаргу, які прыйшоў 08.05.2020 за подпісам першага намесніка вярхоўнага суддзі Каленковіча, яшчэ цікавей. Напрыклад, у скарзе быў момант, згодна з якім у пратаколе аб праверцы паказанняў на месцы адсутнічае подпіс спецыяліста. Чаму – не вядома дагэтуль: ці тое спецыяліст забыўся, ці тое – адмовіўся. Але ў адказе чорным па-белым напісана: «Адсутнасць подпісу спецыяліста, пра якую напісана ў скарзе, не ставіць пад сумнеў ягоны вынік і не сведчыць аб недапушчальнасці доказу».

Быў у скарзе яшчэ адзін важны момант: пра розныя кішэні. Маўляў, паводле відэа, Бягун паклаў хабар у адну кішэню, а выявілі грошы – у іншай. У скарзе Бягун піша: «Заяўляю і з настойлівасцю сцвярджаю: дадзеныя грашовыя сродкі ў пярэднюю кішэню штаноў былі змешчаныя супрацоўнікамі ДФР. Пра абставіны гатовы падрабязна распавесці падчас судовага паседжання».

Мужчына цвердзіць, што грошы яму падкінулі. А сп. Калянковіч яму на гэта адказвае: «Не мае значэння высвятленне абставінаў датычна таго, у якой кішэні адзежы ў Бегуна знаходзіліся, а пасля і былі выяўленыя атрыманыя ім у якасці хабару $ 5 000».

Аналагічны адказ атрымалі датычна несупадзення часу сустрэчы абвінавачанага з хабарадаўцам і часу затрымання: «Наяўныя нязначныя разыходжанні ў працэсуальных дакументах, датычныя часу сустрэчы асуджанага ўначы 19.03.2017 з Грыцом і атрымання $ 5000 неістотныя і не ставяць пад сумнеў дадзены факт і выснову суда пра атрыманне Бегуном чарговага хабару».

«Час няважны, якая была кішэня – не важна. Падумаеш, чалавек кажа, што яму падкінулі грошы: яму адказваюць, што гэта не мае значэння! І прычынаў высвятляць не трэба. Адказы на скаргі па справе Бегуна сведчаць, што прытрымлівацца КПК у Беларусі зусім неабавязкова», – робіць выснову Міхаіл Куцко.

«Колькі яшчэ такіх справаў і паламаных лёсаў?»

Скарга ў Камітэт правоў чалавека ААН (фрагмент 1-й старонкі)
Фота: «Белсат»

Паводле былога аператыўніка, які зараз прадстаўляе інтарэсы сп. Бегуна, трагедыя ў тым, што Вярхоўны Суд у Беларусі – апошняя інстанцыя. У адрозненні ад Расеі ці Украіны, беларус не можа звярнуцца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека, то бок у незалежную судовую інстанцыю, бо Беларусь не ратыфікавала адпаведных дамоўленасцяў.

«Гэты недахоп сёння выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі напоўніцу, што мы і бачым у адказах. Справа Бегуна – толькі адзін выпадак, як лакмусавая паперка для нашых рэаліяў. А колькі яшчэ такіх справаў і паламаных лёсаў? Згодна з маімі назіраннямі, Беларусь сёння – тая дзяржава, дзе могуць затрымаць чалавека за 5 хвілінаў да таго, як ён, умоўна, заб’е пацярпелага. Затрымаюць у 23.40, а супрацьпраўнае дзеянне ён «зробіць» у 23.45. І яго асудзяць яго за такое «забойства»… І каб выправіць гэта, самы час патрабаваць у парламенту ратыфікацыі адпаведнай Канвенцыі», – рэзюмуе Міхаіл Куцко.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў