Былы працаўнік МУС выявіў неадпаведнасці ў справе экс-намесніка кіраўніка МНС Змітра Бегуна


Былы намеснік кіраўніка МНС Зміцер Бягун быў арыштаваны ў 2017 годзе за атрыманне хабару ды быў асуджаны на 8 гадоў калоніі. Ці ўсё гладка ў ягонай справе? Тлумачыць колішні міліцыянт з Горадні Міхаіл Куцко.

Паводле следства, палкоўнік Зміцер Бягун на працягу некалькіх гадоў браў хабары ад былога дырэктара ТАА «РМ Грыфрэстаўрацыя» Аляксандра Грыца. Агульная сума склала каля 20 000 долараў. За грошы Бягун нібыта забяспечваў атрыманне дакументаў аб пажарнай бяспецы на аб’ектах, дзе працаваў хабарадаўца.

Справа апынулася гучнай. Нават кіраўнік краіны эмацыйна пракаментаваў інцыдэнт: «Замміністра, вялікі чалавек! Што табе трэба, працуй. Чаго табе не хапае? Свеціць восем год мінімум».

Так і адбылося: Бегуну далі восем год калоніі, а Грыцу – пяць год хатняй хіміі. Цікава, што ч.3 арт. 430 КК РБ зараз прадугледжвае ад 5 да 15 гадоў. А вось у мінулай рэдакцыі Кодэксу – сапраўды ад васьмі і вышэй.

Зміцер Бягун.
Фота: «Менск-Навіны»

Тры з чатырох эпізодаў: без даты, часу, дакладных сумаў

Былы супрацоўнік МУС з Горадні Міхаіл Куцко сам нядаўна выйшаў на свабоду. Так атрымалася, што са Змітром Бегуном яны пазнаёміліся ў папраўчай калоніі №3 («Віцьба»). Там Куцко дапамагаў Бегуну юрыдычна, рыхтаваў наглядную скаргу ды азнаёміўся з матэрыяламі справы былога намесніка міністра.

Усяго ў справе Бегуна чатыры эпізоды. Нас цікавіць толькі апошні, бо тры папярэднія не маюць ані даты, ані часу, ані нават дакладных сумаў. Сумы ж падаюцца толькі прыблізна з фармулёўкай «не менш за…». То бок Грыц канкрэтыкі не памятае, а Бягун – наагул іх адмаўляе.ʼ

Апошні ж чацвёрты эпізод ужо фіксаваўся супрацоўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў (ДФР): ад групаў вонкавага назірання да відэафіксацыі ў машыне, у якой Грыц перадаваў Бегуну 5000 долараў. Пасля гэтага эпізоду палкоўніка з бізнесменам і затрымалі.

Былы супрацоўнік МУС Міхаіл Куцко. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Хабар быў атрыманы яшчэ да прыезду хабарадаўцы?

Найперш Міхаіл Куцко звяртае ўвагу на нестыкоўкі ў часе. Паводле судовага выраку, Бягун быў затрыманы за атрыманне грашовых сродкаў ад Грыца 19 сакавіка 2017 года ў перыяд ад 23:30 да 23:40 у двары дому №8 па вул. Янкі Лучыны ў Менску. Разам з тым, маюцца пратаколы АВМ (аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў). Сярод іх – пратакол «слыхавы кантроль» ад 5 красавіка 2017 года. Паводле яго, размова Бегуна з Грыцом толькі пачалася а 23:40 і доўжылася каля 2-х хвілін. Атрымліваецца, што ні пра які хабар з 23:30 да 23:40 казаць нельга.

Паводле пратаколу АВМ, 22 сакавіка 2017-га Грыц выйшаў з будынку, сеў за стырно аўто і а 23:40 толькі прыехаў у двор дому на Лучыны. Тады толькі да яго ў салон і падсеў Бягун. Аналагічны пратакол вонкавага назірання ёсць і па самому Бегуну. Паводле яго, яны з Грыцам таксама сустрэліся толькі ў 23:40.

«То бок, чалавек не мог апрыёры прыняць грашовыя сродкі ў перыяд часу з 23:30 па 23:40, паколькі ў гэты час хабарадаўца толькі ехаў да яго ў аўто, – тлумачыць Куцко. – Згодна з гэтымі двума пратаколамі, затрыманне адбываецца ў 23:45, а не ў 23:40. З такім жа поспехам можна ўявіць, нібы ў 23:45 Бягун забіў чалавека, але затрыманы быў а 23:40 па падазрэнні ў забойстве. Такі ўзровень… Насамрэч, гэтая неадпаведнасць дэманструе адно павярхоўнае разбіральніцтва».

Копія пратаколу АВМ «слыхавы кантроль». Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Магічнае» перасоўванне 5000 долараў па кішэнях

Наступны цікавы момант датычны кішэні, у якую Бягун нібыта паклаў грошы. У сваім выраку суд спасылаецца на відэазапіс назірання з аўтамабілю Грыца. Маўляў, а 23:40 Грыц дастаў грашовыя сродкі і перадаў Бегуну. Той іх выраўняў і, не пералічваючы, паклаў у заднюю правую кішэню штаноў, выйшаў з салону і быў затрыманы. Паводле пратаколу вобшуку ад 19 сакавіка 2017-га, грошы былі знойдзеныя ў яго ў… пярэдняй правай кішэні! Як так магло атрымацца?

«Паводле Бегуна, мне вядома наступнае, – працягвае Міхаіл Куцко. – Сустракаецца ён з Грыцам. З ім ён сапраўды быў у добрых адносінах, таму вырашыў пазычыць грошы. Але Бягун адчуў, што суразмоўца напружаны. Пры гэтым не патрабуе ані распіскі за грошы, ані нават вяртання ў тэрмін. Бягун выйшаў з машыны і, адчуўшы правакацыю, выкінуў грошы. Далей яго затрымліваюць. Бяруць двух панятых. Грошаў няма. Што робяць? Шукаюць грошы ў двары, бяруць новых панятых і – усё знаходзяць! Адно, што памыліліся з кішэнню, у якой мелася ляжаць сума».

Пратакол дагляду: грошы ў пярэдняй правай кішэні. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Зрэшты, былі ў справе і іншыя выключна працэсуальныя парушэнні. Некалькі зусім розных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў («назіранне», «слыхавы кантроль») былі праведзеныя на падставе адной пастановы аб правядзенні АВМ «аператыўны эксперымент». Паводле Куцко, гэта тое самае, што вынесці пастанову аб правядзенні вобшуку ды… выняць труп з месца пахавання і правесці праслухоўванне тэлефонаў абвінавачаных. Кожнае мерапрыемства мае мець сваю пастанову.

Была таксама спроба допыту Бегуна пры адсутнасці адваката. Калі ўлічыць, што злачынства асабліва цяжкае, то гэта таксама недапушчальна. Тым не менш, на ўсе гэтыя моманты ніхто ўвагі не звярнуў.

Судовы вырак Бегуну і Грыцу. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пагражалі забраць у сям’і жытло

Зміцер Бягун у судзе не аспрэчваў атрыманне грошаў ад Грыца ў апошнім эпізодзе, але аспрэчваў, што гэта быў хабар. Астатнія эпізоды адмаўляў.

«Чаму так атрымалася? – рэзюмуе Міхаіл Куцко. – Усё проста. Дазвол на арышт бралі ў прэзідэнта. Дакладалі па Бегуну, што той нібыта «крышуе» будаўнічы бізнес, вырашае там усе пытанні. Пасля затрымання прэзідэнту адсправаздачыліся, а той і кажа публічна: «Бегуна затрымалі з палічным». Ужо назад не адкаціш сітуацыю, нягледзячы на ўсе памылкі і нестыкоўкі. Таму менавіта на Бегуна і давілі, каб прызнаваў факт, што яго ўзялі з палічным».

Вырак суду: грошы ў задняй правай кішэні. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Бягун распавядаў Куцко, што на яго падчас следства здзяйсняўся ціск, а менавіта – пагражалі непрыемнасцямі для сям’і ў прававым і маёмасным полі. Калі канкрэтна: гразіліся забраць жытло.

На дадзены момант рыхтуецца скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН па справе Бегуна.

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў