Мітрапаліт Кандрусевіч звернецца да беларусаў праз сайт


У дзень Божага Нараджэння, 25 снежня, адмысловага звароту каталіцкіх біскупаў па беларускім тэлебачанні не будзе.

Як распавёў «Белсату» генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Юрый Касабуцкі, цяпер якраз рыхтуецца прамова:

«Наш мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч змесціць свой відэазварот на сайце catholic.by. Сёлета ён выкажа свае пастарскія віншаванні для нас онлайн».

Аднак мы пабачым на тэлебачанні ўключэнні з розных месцаў, дзе будзе праходзіць святочная імша.

Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Мінска-Магілёва. Снежань, 2020.
Фота: ТК / Белсат

«Па цэнтральным тэлебачанні будзе трансляцыя святой імшы з магілёўскай катэдры. Будзе ўключэнне з Ватыкану, з катэдры Святога Пятра ў Рыме і прамовы Папы Рымскага на плошчы Святога Пятра», – зазначыў Юрый Касабуцкі.

22 снежня стала вядома, што Папа Рымскі Францішак перадаў ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбаю развязаць сітуацыю з Тадэвушам Кандрусевічам.

Уладзімір Макей распавёў, што Лукашэнка атрымаў ліст ад Папы Рымскага і прыняў рашэнне ў справе Кандрусевіча:

«Зыходзячы менавіта з пачуцця глыбокай павагі да Папы Рымскага і са сваіх асабістых добрых адносінаў, кіраўнік беларускай дзяржавы палічыў магчымым пайсці насустрач просьбе Папы Рымскага і даць адпаведнае даручэнне знайсці рашэнне з улікам усіх наяўных прававых механізмаў.

І гэта з улікам таго, што, вядома ж, набліжаюцца добрыя, святыя для ўсіх святы Божага Нараджэння ды ўрачыстыя падзеі. Гэта таксама было адпаведным дадатковым аргументам на карысць прыняцця рашэння ў гэтым выпадку, звязаным з арцыбіскупам Кандрусевічам, нягледзячы на шэраг негатыўных момантаў, звязаных з гэтаю персонаю».

Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Мінска-Магілёва. Снежань, 2020.
Фота: ТК / Белсат

Юрый Касабуцкі адзначыў, што трываюць перамовы пра вяртанне мітрапаліта на радзіму: «Увесь час адбываюцца нейкія захады. Аднак мы разумеем, што ўсё ў руках Божых. Таму мы спадзяёмся, што ў пэўны момант наш мітрапаліт вернецца і будзе тут з намі. Мы молімся і маем моцную надзею, давяраем гэтую справу Богу».

На сёння Тадэвуш Кандрусевіч застаецца ў Саколцы каля беларуска-польскай мяжы. Мясцовы біскуп даў Кандрусевічу памяшканне.

«Мы ўвесь час з ім у кантакце. Ён адчувае сябе добра, але ўсёю душою прагне вярнуцца ў Беларусь, да свайго народу. Гэта такое псіхалагічнае цярпенне, рана. Мы адчуваем, што такое цярпенне, такая ахвяра была патрэбная», – адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

Архікафедральны касцёл Панны Марыі. Снежань, 2020.
Фота: ТК / Белсат

Марыя Грыц belsat.eu

Стужка навінаў