У інтэрнэце актыўна прамуюць паездкі ў анексаваны Крым з Менску ды іншых беларускіх гарадоў.
Рэкламай падарожжа праз шэраг гарадоў Расеі займаецца фірма «Intercars».
Belsat.eu высветліў, што, нягледзячы на еўрапейскую назву, кампанія – беларуская і выступае пасярэднікам яшчэ адной беларускай фірмы–перавозніцы «БелЭкспресс».
Аператарка «Intercars» распавяла нам, што вандроўкі ў Крым карыстаюцца папулярнасцю сярод беларусаў. Гэткія маршруты ажыццяўляюць ужо як мінімум год. Цяпер аўтобусы ездзяць праз Крымскі мост.
«Але вазьміце пад увагу, што квіткі амаль разабралі», – кажа дзяўчына.
Сапраўды, калі мы паспрабавалі замовіць квіткі, аказалася, што вольных месцаў на канец ліпеня амаль няма. А аўтобус курсуе кожныя тры дні, пасля адзін дзень – перапынак.
Як аказалася, працаўніца «Intercars» не ведае, што паездкі ў анексаваны Крым праз Расею незаконныя.
«У нашых кліентаў яшчэ ніколі не было праблемаў, прынамсі нам ніхто пра такое не паведамляў», – упэўнена адказвае яна.
Тое ж самае заявілі і ў «БелЭкспресс», якая таксама прадае квіткі наўпрост праз свой сэрвіс vkrim.by.
Аператарка фірмы-перавозніцы пацвярджае, што квіткоў амаль не засталося і трэба іх хутчэй замаўляць. Пра праблемы з перасячэннем украінскай мяжы і забаронай на ўезд ва Украіну яна не чула.
«Мы ж едзем праз Расею, з якой няма мяжы. Пасля праз мост у Крым, дзе таксама спрошчаны дагляд і ніякай адзнакі ў пашпарт не ставяць. Няма чым пераймацца», – распавяла яна.
Раней падобныя паслугі аказвала турыстычная фірма «Альтонель Тур». Пасля публікацыі на belsat.eu менская турфірма скасавала паездкі на паўвостраў.
Тураператары не папярэджваюць кліента пра забарону, а вось у памежным камітэце Украіны адказ адназначны: Крым – акупаваная тэрыторыя і наведваць паўвостраў праз тэрыторыю Расеі незаконна.
Грамадзяне, якія так падарожнічаюць, не толькі не змогуць патрапіць на тэрыторыю Украіны, але і атрымаюць штраф – да 390 рублёў, а да таго забарону на ўезд да трох гадоў.
ДР belsat.eu