Менскія працаўнікі БЧ кралі салярку прама з цыстэрнаў


Праваахоўнікі затрымалі сем чыгуначнікаў, паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму.

Службовыя асобы злівалі паліва з чыгуначных цыстэрнаў на пад’язных шляхах да адной з прамысловых зон сталіцы. Салярка належала прадпрыемству «Беларуснафта-Менскаўтазапраўка».

У зламыснікаў была свая схема. Яны сустракаліся ў вызначаным месцы з гружанымі цыстэрнамі, з дапамогай інструмента адкрывалі крышкі, злівалі дызель і забіралі яго на асабістых аўтах.

Дарэчы, у абавязкі саміх працаўнікоў уваходзіла папярэджанне, спыненне правапарушэнняў і крадзяжоў, а таксама прыцягненне правапарушальнікаў да адміністрацыйнай адказнасці.

Групу затрымалі падчас чарговай «ходкі». У іх канфіскавалі каля сотні каністраў з гаручым, а на засцерагальных клапанах цыстэрнаў былі сляды ўскрыцця. Агульная сума выкрадзенага толькі за адну «начную вылазку» склала 2500 рублёў.

Цяпер міліцыя адпрацоўвае каналы збыту выкрадзенага паліва. На нафтабазе рэгулярна фіксаваліся розныя аб’ёмы нястачы, якую спісвалі за кошт хібнасці вымярэнняў натуральнага змяншэння паліва пры выпарэнні.

Затрыманым пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

ДР belsat.eu паводле guvd.gov.by

Стужка навінаў