Менскія кінатэатры атрымалі пагрозы за фільм «Матыльда»


18 кастрычніка ў менскім кінапракаце стартуе прэм’ера фільма «Матыльда» пра раман будучага расейскага імператара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай. Напярэдадні запуску кінастужкі сталічныя кінатэатры атрымалі лісты, у якіх гучаць заклікі не дэманстраваць карціну, паведамляе TUT.BY.

У сетку прыватных кінатэатраў Silver Screen прыйшоў ліст на дзвюх старонках. У сеткцы кінатэатраў кажуць, што на канверце не было зваротнага адрасу.

«Да вас звяртаецца неабыякавы праваслаўны хрысціянін <…>. Паказ фільма – гэта духоўнае забойства цара Мікалая II. Пры гэтым закранаюцца пачуцці вернікаў. <…> Фільм акажа негатыўны адукацыйную ўздзеянне на моладзь, бо яго будуць глядзець і маладыя, яшчэ невоцерковленные людзі <…>. Ад асобы праваслаўных хачу сказаць, што стваральнікі фільма замахнуліся на святое – нашу веру, нашу царкву, нашых святых. Гэты фільм – плявок і аплявуха 80% беларускага народа, праваслаўным хрысціянам, шануючым сваіх святых ». – гаворыцца ў лісце.

 

Ва УП «Кінавідэапракат» таксама прыходзяць лісты падобнага зместу, іх атрымліваюць і кінатэатры напрамую. Аднак на рашэнні аб пракаце карціны гэта не адабʼецца – ні ў Менску, ні ў абласных цэнтрах. Зрэшты, не ва ўсіх: у магілёўскіх кінатэатрах «Мацільду» дэманстраваць не будуць. Інфармацыю пра гэта пацвердзілі ў магілёўскім ГП «Кінавідэапракат», але ад каментароў адмовіліся.

Нагадаем, што кампанія-праваўладальнік фільма «Мацільда» у Беларусі «Гельварс Сінема» выступіла ініцыятарам дэманстрацыі стужкі камісіі Мінкульта Беларусі з мэтай атрымання датэрміновага адказу пра магчымасць выхаду фільма ў шырокі пракат. Камісія аднагалосна прыняла станоўчае рашэнне.

Нагадаем, у Расеі дэманстрацыя фільму выклікала значна больш рэзкую рэакцыю ў часткі грамадзян.

Шэраг арганізацый і дэпутатка Наталля Паклонская спрабавалі дамагчыся забароны фільму. Незарэгістраваная арганізацыя «Хрысціянская дзяржава» рассылала пагрозы аўтарам фільму і кінатэатрам, яе прыхільнікі падпальвалі машыны і кінатэатры ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Екацярынбургу.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў