Беларуская гімнастка і мадэль Меліціна Станюта не здолела прайсціся ў Менску па вуліцы, названай у гонар ейнай прабабулі – акторкі Стэфаніі Станюты. Пра гэта сама Меліціна распавяла ў «Instagram’е».
«На ўваходзе ў гэтую вуліцу за плотам міліцыянт накіравала мяне па дазвол на шпацыр па гэтай вуліцы ў «Дана молл», спасылаючыся на тое, што там ідзе нейкая будоўля. «Інакш вас забяруць», – былі яе словы», – распавяла гімнастка.
У кантакт-цэнтры «Дана моллу» Меліціну Станюту перанакіравалі ў аддзел продажаў, а там «сышлі думаць і павесілі слухаўку».
«Як праўнучцы і ўнуку прайсціся па вуліцы прабабулі?» – задаецца пытаннем гімнастка.
Вуліца Стэфаніі Станюты з’явілася ў Менску ў 2014 годзе. Але знаходзіцца яна за шлагбаумам і кантрольна-прапускным пунктам, якія перакрываюць шлях у катэджны пасёлак, пабудаваны сербскай кампаніяй «Dana Holdings». ⠀
МГ belsat.eu