Медыі ўводзяць ідэнтыфікацыю каментатараў па тэлефоне. Яе нельга прайсці з Польшчы


Імаверна пакідаць каментары, прынамсі пакуль, могуць толькі абаненты з Беларусі, Расеі, Украіны і Казахстану.

Да 1 снежня ў Беларусі згодна з папраўкамі ў закон аб СМІ ўвядуць абавязковую ідэнтыфікацыю тых, хто пакідае каментары ў інтэрнэце. У эфіры тэлеканалу ОНТ 22 лістапада міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч распавёў, што ідэнтыфікаваць карыстальнікаў будуць па нумарах тэлефонаў.

«Хтосьці пажадаў пакінуць каментар. Ён дасылае паведамленне на той ці іншы сайт і пакідае нумар тэлефона. Яму прыходзіць спецыяльны код», – патлумачыў міністр.

Да 1 снежня застаўся яшчэ тыдзень, але ўлады дагэтуль не апублікавалі падрабязныя правілы таго, як павінны выконвацца гэтыя нормы.

Раніцай 24 лістапада мы заўважылі, што партал Tut.by ужо ўвёў ідэнтыфікацыю праз тэлефон на сваёй дыскусійнай пляцоўцы Talks.by.

Ад сёння каментаваць матэрыялы на форумах Tut.by можна толькі пасля ідэнтыфікацыі па нумары тэлефону

Прайсці яе ўдалося толькі напалову: нам прыйшло на польскі нумар СМС-паведамленне з кодам, але пры спробе ўвесці яго на форуме, аказалася, што код «няверны».

У спісе краінаў ёсць опцыі «BY», «RU», «UA», «KZ» і «…» (апошняе, відаць, азначае «Усе іншыя краіны»). Пасля націску гузіку «адправіць» сістэма спрабуе змяніць «…» на «BY».
СМС-паведамленне з кодам прыйшло на польскі нумар
Аднак завяршыць рэгістрацыю не ўдаецца: сістэма апавяшчае, што код – «няправільны».

Такім чынам, беларусы замежжа не могуць, прынамсі пакуль, каментаваць навіны на найбуйнейшым беларускім інфармацыйным партале.

Прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў размове з «Белсатам» заявіў, што магчымасць зарэгістравацца мусіць быць у кожнага беларуса, дзе б ён не знаходзіўся.

«Гэта і ёсць свабода слова», – упэўнены Гарэцкі.

Дзяніс Дзюба, фота – Kham/Reuters/Forum

Стужка навінаў