14 ліпеня мітынгоўцы ў Менску скандавалі «міліцыя з народам!» Але нягледзячы на заклікі, амапаўцы жорстка затрымлівалі ўдзельнікаў мірнага пратэсту. І сілавікі надалей будуць выконваць загады кіраўніцтва, пакуль не пабачаць, што сіла на баку народу, выказаў «Белсату» такую думку Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання, генерал-лейтэнант міліцыі.
Падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі міліцыянты затрымалі некалькі сот чалавек. Мірных мітынгоўцаў гвалтоўна хапаюць амапаўцы і асобы ў цывільным. Затрыманні адбываюцца нягледзячы на тое, што ўдзельнікі акцыяў скандуюць «міліцыя з народам!» Але выглядае, што міліцыя пакуль бароніць уладу, кажа Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання, генерал-лейтэнант міліцыі.
«Для таго, каб міліцыя перайшла на бок народу, то патрэбна, каб яны пабачылі, што сіла на баку народа, а не на баку ўлады. Тады ўсе яны, і злыя, і добрыя міліцыянты, пяройдуць на бок народу. Нават пабягуць. Але пакуль яны такога не бачаць, выконваюць загады сваіх кіраўнікоў і ўлады», – адзначае Мечыслаў Грыб.
Генерал-лейтэнант міліцыі кажа, што цяпер у міліцыянтаў не самыя лепшыя ўмовы, але яны вымушаныя выконваць загады, паколькі таксама абмежаваныя ў сваіх правах, гэтак жа, як і большасць беларусаў, якія працуюць паводле кантрактаў.
«Я б не сказаў, што цяпер у іх царскія выгоды. Насамрэч няма добрых умоваў. Сярэднія ўмовы працы, не вельмі высокія заробкі, стаўленне з боку кіраўніцтва не вельмі добрае і абароны ніякай няма. Кіраўнік вырашае ўсё, прафзвязаў няма. Знайсці падтрыманне таксама вельмі складана. Там не так і проста, як падаецца на першы погляд. Але нават нягледзячы на гэта, яны выконваюць загады. І на бок людзей стануць толькі тады, калі пабачаць, што там сіла», – кажа Мечыслаў Грыб.
CК belsat.eu