Расейская нафта надалей паступае толькі на «Нафтан». Мазырскі НПЗ з пачатку года застаецца без сыравіны, паведамляе «Интерфакс».
«Пастаўкі на наваполацкі НПЗ «Нафтан» працягваюцца ў межах першага і пакуль адзінага ў гэтым годзе кантракту на пастаўкі нафты ў Беларусь (133 тысячаў тон ад кампаніяў «Сафмар»). На Мазырскі НПЗ пакуль паставак з Расеі няма», – сказала крыніца агенцтва.
Паводле крыніцы, Мазырскі НПЗ можа атрымаць нафту толькі ў выпадку заключэння дамоваў на пастаўку з незалежнымі кампаніямі.
«Але пакуль маршрутных даручэнняў (на адрас «Транснефть») на пастаўку нафты на Мазырскі НПЗ няма», – дадаў суразмоўца.
Беларускія НПЗ працуюць пры мінімальнай загрузцы з 1 студзеня 2020 года. З пачаткам новага года Расея спыніла пастаўкі нафты ў нашу краіну, паколькі мінулагодняя дамова закончылася, а новую так і не падпісалі. Лукашэнка і Пуцін па выніках перамоваў у мінулым годзе так і не дамовіліся пра кошты на сыравіну для Беларусі. Цяпер нафту з Расеі на беларускія НПЗ пастаўляюць кампаніі групы «Сафмар», падкантрольнай алігарху і сябру Аляксандра Лукашэнкі Міхаілу Гуцэрыеву. Вядома, што ў студзені наша краіна атрымае каля 750 тысячаў тон нафты, што дазволіць загрузіць НПЗ усяго толькі на палову магутнасцяў.
На тле гэтага кіраўнік Беларусі запатрабаваў ад чыноўнікаў знайсці альтэрнатыву расейскай нафце. У выніку Беларусь спынілі экспарт нафтапрадуктаў, каб эканоміць рэсурсы для ўнутраных патрэбаў.
Беларускія НПЗ да гэтага часу працягваюць працаваць на мінімальнай загрузцы, якая дазваляе забяспечваць толькі тэхналагічны цыкл нафтаперапрацоўкі.
СК belsat.eu