Мазамбік увёў падатак на журналістыку. У Беларусі такое ёсць ужо даўно


У Мазамбіку (Паўднёвая Афрыка) уступае ў дзеянне ўказ, які фактычна ўводзіць «падатак на журналістыку», паведамляе «Human Rights Watch».

Замежныя карэспандэнты павінны будуць плаціць $ 2500 за акрэдытацыю на разавую паездку ў краіну, або $ 8300 за год працы ў краіне.

Мазамбік – адна з самых бедных краінаў свету. Больш за палову насельніцтва краіны жыве на $ 30 у месяц.

Мясцовым журналістам-фрылансерам давядзецца заплаціць $ 500 за права цэлы год «легальна» публікаваць свае артыкулы ў мазамбікскай прэсе. Мясцовыя журналісты, якія працуюць на замежныя медыі, абавязаныя заплаціць дзяржаве $ 3500 у абмен за гадавую акрэдытацыю.

«Журналісцкі падатак» будуць плаціць і самі СМІ (ад $ 34,5 тыс. да $ 69 тыс. у год).

«Накладанне збораў на журналістаў сур’ёзна паўплывае на іх здольнасць асвятляць кастрычніцкія муніцыпальныя выбары і на агульныя выбары 2019 года», – пракаментавала новаўвядзенне Дэва Мавінга, дырэктар паўднёваафрыканскага аддзялення «Human Rights Watch».

Паводле Эміліі Маяны, дырэктара Інфармацыйнага бюро Мазамбіку, »падатак на журналістыку« зʼяўляецца адказам на »рынкавыя ўмовы« і абумоўлены неабходнасцю »падтрымання дысцыпліны ў медыях«.

«Падатак на журналістыку» у Беларусі

У Беларусі «экслюзіўным правам» плаціць падатак за працу журналістам валодаюць фрылансэры, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам. Падатак на збор і распаўсюд інфармацыі іх змушаюць плаціць у выглядзе штрафаў (парушэнне арт. 22.9 КаАП – праца без акрэдытацыі).

Цягам першага паўгоддзя 2018-га журанліст-фрылансэр Кастусь Жукоўскі атрымаў штрафаў на суму Br 4189. Аператар Алесь Баразенка – Br 3307. Аператар Андрусь Козел – Br 4531. Вольга Чайчыц атрымала штрафаў на Br 5389 (магла б набыць разавую акрэдытацыю на працу ў Мазамбіку).

Летась журналісты «Белсату» заплацілі $ 25 000 штрафаў. Імаверна сёлетняя сума стане яшчэ большай: толькі за першыя 6 месяцаў 2018-га суддзі пастанавілі спагнаць з журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам больш за Br 46 253.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў