Судовы працэс над актывісткай БХД Таццянай Севярынец прайшоў 22 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Суддзя Дзяніс Аляксеенка прызнаў Севярынец вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).
Пра гэта паведамляюць праваабаронцы на сайце «Віцебская Вясна».
У двух адміністратыўных пратаколах, складзеных на Таццяну Севярынец, сцвярджаецца, што жанчына ўзяла актыўны ўдзел у не дазволеных уладамі масавых мерапрыемствах каля гандлёвага цэнтру «Марка-Сіці» у Віцебску 31 траўня і 7 чэрвеня. На пікетах яна нібыта «публічна выказвала свае асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы, скандавала лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»
На судзе Таццяна Севярынец заявіла, што 31 траўня яна прыйшла паставіць свой подпіс за Святлану Ціханоўскую і не адмаўлялася ад таго, што выступіла на пікеце, дзе браў удзел ейны сын – Павел Севярынец.
Паводле актывісткі, ейныя дзеянні былі цалкам законныя. Таццяна не пагадзілася з тым, што нібыта заклікала на пікеце да байкоту выбараў. Заклікала толькі «не баяцца выказваць сваё меркаванне, бо гэтае права гарантуецца і заканадаўствам, і Канстытуцыяй».
Што да пікету 7 чэрвеня, то яна таксама не адмовілася ад сваёй прысутнасці на ім, але запэўніла, што ніякіх плакатаў, як сцвярджалася ў пратаколе, не выкарыстоўвала і да байкоту не заклікала.
У выніку яе прызналі вінаватай па абодвух пратаколах і аштрафавалі на згаданую ранней суму.
КА belsat.eu