Масква фармуе новую танкавую армію на захадзе. Дзеля чаго?


Расея робіць пагрозлівы жэст у бок сваіх заходніх праціўнікаў, фармуючы новую танкавую армію ў сваёй Заходняй вайсковай акрузе, якая мяжуе з Фінляндыяй, краінамі Балтыі, Беларуссю і Украінай, лічаць беларускія ваенныя аналітыкі.

Вайсковае злучэнне будзе называцца «1-я гвардзейская танкавая армія» – у гонар савецкай танкавай арміі з такім жа назовам, якая ваявала ў 1943-1945 гадах і прымала ўдзел у штурме Берліна. Пасля вайны яна знаходзілася ў складзе Групы савецкіх войск у Нямеччыне і была расфарміраваная ў 1998 годзе.

«Расея Захаду паказвае, што рыхтуе ўдарны кулак у выглядзе гэтай арміі ў адказ на ўзмацненне НАТА на яе межах», – кажа ваенны аналітык і аглядальнік Аляксандр Алесін.

[vc_single_image image=”368080″ img_size=”large”]

Танкавыя арміі ў савецкі час былі буйнымі ўдарнымі групоўкамі, то бок мелі найперш наступальны характар, павінны былі хутка прарываць абарону праціўніка і імкліва развіваць поспех.

У склад 1 гвардзейскай танкавай арміі РФ увойдуць «прыдворныя» Таманская мотастралковая і Кантэміраўская танкавая дывізіі, а таксама 2 асобныя брыгады – 27-я мотастралковая і 6-я асобная танкавая.

Раней гэтыя часткі ўваходзілі ў склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі.

«Фактычна ўсе гэтыя часткі як існавалі на гэтым месцы, так і будуць, але ў любым выпадку гэта сіла, якая ў савецкай вайсковай традыцыі прызначаецца для наступлення, гэта палітычны крок, адказ НАТА на назапашванне вайсковай тэхнікі НАТА ў краінах Балтыі», – адзначыў Андрэй Паротнікаў, кіраўнік ваенна-аналітычнага праекта Belarus Security Blog.

[vc_single_image image=”368078″ img_size=”large”]

У краінах Балтыі ў гэтым гадзе былі створаныя запасныя камплекты баявой тэхнікі і іншага рыштунку для амерыканскіх вайсковых частак. Такім чынам асабовы склад у выпадку канфлікту можа быць проста хутка перакінуты на самалётах і знайсці амаль усё патрэбнае на месцы, не губляючы часу на дарагую транспартыроўку танкаў, БМП і артылерыі.

Замест адзінак, якія былі перададзеныя з 20-й арміі ў 1-ю танкавую, як паведамілі расейскія дзяржаўныя СМІ, будуць фармавацца новыя танкавыя і мотастралковыя брыгады. 

У цэлым вялікай розніцы паміж 1-й і 20-й арміямі не будзе, у кожнай будуць разведвальная і зенітна-ракетная брыгада, брыгада матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, часткі артылерыі ды ракетных войскаў, верталётны полк, беспілотнікі. Хіба што ў танкавай арміі будзе больш танкаў, а ў агульнавайсковай – больш пяхоты на БМП.

[vc_single_image image=”368079″ img_size=”large”]

Паведамлялася таксама, што менавіта гэтыя часткі першымі атрымаюць найноўшую тэхніку – танкі «Армата» і БМП «Курганец».

Акрамя разгортвання новых бранятанкавых злучэнняў узброеныя сілы РФ працягваюць павялічваць колькасць паветрана-дэсантных войскаў, якія апошнія дзесяцігоддзі звычайна выкарыстоўваюцца як элітныя мотастралковыя часткі. Створаныя 5 разведвальных батальёнаў, перафармаваны з палка ў брыгаду 45 полк спецпрызначэння, павялічаны набор у Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную вучэльню. Дадаткова ў ПДВ РФ, улічваючы іхны ўдзел у баях у якасці лепш падрыхтаванай і матываванай пяхоты, будуць створаныя да канца года 6 танкавых рот.

«Ідзе абмен пагрозамі і жэстамі. Як у міры жывёлаў – падняць калючкі, апусціць рогі», – лічыць Аляксандр Алесін.

Але такія дзеянні могуць завесці РФ і НАТА ў заганнае кола эскалацыі, кажа Андрэй Паротнікаў.

«Баюся, што гэта можа пачаць спіраль падобных крокаў з боку НАТА і Расеі, што прывядзе да пабудовы новай жалезнай заслоны, і Беларусь зробіцца прыфрантавой дзяржавай», – адзначыў ён.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў