Маскі, пальчаткі, антысептыкі. Нягледзячы на загад Лукашэнкі, яны паступілі не ва ўсе аптэкі


Паводле Аляксандра Лукашэнкі, ураду Беларусі пагражала адстаўка, калі ў аптэках да канца мінулага тыдня не з’явяцца маскі. Тэрмін скончыўся, і Belsat.eu правярае, наколькі проста набыць сродкі абароны ў розных гарадах Беларусі.

Падчас нарады 7 красавіка кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што адправіць урад у адстаўку, калі насельніцтва і медыкі не будуць забяспечаныя сродкамі абароны.

«Я прэм’ер-міністра папярэдзіў: калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне дакладуць, што чагосьці не хапае недзе ў крамах, аптэках або ў шпіталях, асабліва для абароны лекараў – ураду не будзе. Будуць працаваць іншыя», – заявіў Лукашэнка.

Пытанне з маскамі было пастаўлена на асабісты кантроль Лукашэнкі і да панядзелка, 13 красавіка, даручана зняць усе праблемы з іх недахопам.

Прадпрыемствам канцэрну «Беллегпрам» загадалі выйсці на выпуск 1 млн шматразовых масак у содні. За два дні яны выпусцілі 1,17 млн. У выходныя цэхі працягнулі працу і да 15 красавіка разлічваюць вырабляць ужо па 2 млн за дзень.

9 красавіка ўрад прызначыў РУП «Белфармацыя» адзіным аператарам па рэалізацыі сродкаў абароны ў аптэчныя сеткі ўсіх формаў уласнасці. Збіраюцца сачыць і за тым, каб кошты на гэтыя вырабы не завышаліся.

Мы запыталі ў аптэках сталіцы і асобных рэгіёнаў, асабліва закранутых каронавірусам, ці ёсць у продажы маскі, пальчаткі, антысептыкі і колькі яны каштуюць.

Марлевая маска беларускай вытворчасці.
Фота: «Белсат»

Менск

У аптэцы «Белфармацыя» №18 па вул. Захарава марлевыя маскі ў наяўнасці і каштуюць 1,30 рублі за штуку. Аднаразовых хірургічных няма, пальчатак таксама. З антысептыкаў ёсць на спіртавой базе па 6,25 за маленькую ўпакоўку.

У дзяжурнай кругласутачнай аптэцы №42 на Лагойскім тракце ёсць марлевыя маскі па тым жа кошце – 1,30 рублі, а аднаразовыя пальчаткі каштуюць 1,22 рублі за пару. Антысептыкаў няма.

У аптэцы №25 на вул. А. Кашавога кошт на марлевыя маскі нязменны, а пальчаткі прадаюць ва ўпакоўках па 5 пар за 4,25. Засталіся толькі маленькага памеру (S). «Аднаразовых масак няма і не прадбачыцца паставак», – сказаў правізар. Антысептыкі прадстаўленыя толькі спрэем «Прабатанік» па 6,25 на аснове з ізапрапілавага спірту.

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Філіял №14 па вул. Я. Маўра тыя ж марлевыя маскі па 1,30, аднаразовыя хірургічныя – па 96 капеек. Пальчаткі ёсць усіх памераў і каштуюць 1, 22 за пару. У наяўнасці літровыя банкі антысептыку «Трыацыд» для апрацоўкі паверхняў і звычайны хлоргексідын.

Такім чынам, у менскіх дзяржаўных аптэках – фіксаваны кошт на сродкі абароны і марлевыя маскі ёсць практычна паўсюдна. У прыватных сетках сітуацыя з маскамі больш складаная: ёсць далёка не ў кожнай, а кошт трохі вышэйшы. Спіртавых антысептыкаў амаль не знайсці.

Прадстаўнік сеткі аптэк «ADEL» і «Добрыя лекі» па тэлефоне на пытанне пра маскі адказала, што паступленне чакаецца ў хуткім часе. «Трэба глядзець па факце», – сказала яна і параіла прыходзіць асабіста ў бліжэйшую аптэку. Кошт пальчатак, паводле яе, залежыць ад памеру. З антысептыкаў ёсць «Септамірын» на воднай аснове і ён каштуе ад 8 да 9 рублёў за 100 мл.

У аптэцы «Планета здароўя» па вул. Варанянскага «маскі чакаюць», бесспіртавыя антысептыкі прадаюць па 9,93 рублі за 100 мл. «Засталіся яшчэ астаткі санітайзераў для рук па 4,83 за 50 мл», – сказала правізар. Пальчатак у наяўнасці няма, але пастаўка павінна быць неўзабаве.

У «Клапатлівай аптэцы» па вул. Камсамольскай пастаўка марлевых масак па 1,38 рублі – пасля абеду ў панядзелак. Спіртавыя антысептыкі аптэка замовіла, але пакуль прапануе той жа бесспіртавы «Септамірын» у форме 100 мл спрэю за 8,89 рублёў.

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Віцебск

З віцебскімі аптэкамі дзяржаўнай сеткі «Белфармацыя» звязацца па тэлефоне цяжка: або не адказваюць, або проста нумар, пазначаны ў інтэрнэце, неактуальны.

Камерцыйная сетка «Альфа аптэка», прадстаўленая таксама аптэкамі пад назвай «Доктар До» і «Доктар А» прапануе марлевыя маскі па 1,70 за штуку, а баваўняныя вытворчасці «Беллегпраму» – па 1,76. Пара пальчатак каштуе ўсяго 22 капейкі. Антысептыкі ёсць розныя, са спіртавых – раствор расейскай вытворчасці па 6,29 за 75 мл.

На вуліцах Віцебску.
Фота: «Белсат»

У аптэцы «Белфарм» па вул. Пушкіна шматразовыя маскі каштуюць 1,32 рублі, антысептыкі – толькі на воднай аснове. На пытанне, ці чакаецца пастаўка спіртавых, правізар кажа, што загадзя аб пастаўках іх не папярэджваюць.

Самы нізкі знойдзены намі кошт на марлевыя маскі – у аптэках кампаніі «Вітвар», 1,23 за штуку. Антыбактэрыяльны гель для рук ва ўпакоўцы 200 мл тут прадаюць за 7,44 рублёў, пальчаткі – за 93 капейкі.

Hавiны
Райвыканкам Докшыцкага раёну: «Сітуацыя сур’ёзная»
2020.04.09 18:57

Докшыцы

Філіял РУП «Фармацыя» №130 па вул. Цэнтральнай у Докшыцах рэалізуе марлевыя маскі па 1, 48 за штуку. «Усе антысептыкі дарагія, на спіртавой аснове 50 мл каштуе 3 рублі. Пальчатак наагул няма ніякіх», – кажа правізар.

У філіяле №94 па вул. Садовай тыя ж маскі каштуюць на 10 капеек танней – 1, 38. Як такое магчыма – не тлумачаць. Антысептыкі на спіртавой аснове каштуюць 2,82 за 100 мл, пальчатак няма. «Магчыма, будуць толькі на наступным тыдні», – кажуць там.

У аптэцы №95 па вул. Горкага марлевая маска каштуе ажно 1,62 рублі. «Гэта проста іншы вытворца – «Купалінка», там марля больш густая, але адрозненне невялікае», – тлумачыць правізар. Пальчатак засталіся ўсяго 3 пары, адна каштуе больш за рубель.

Санітарная апрацоўка ў аптэцы.
Фота: «Белсат»

Капыль

У дзяржаўнай аптэцы №97 па вул. Купалы ёсць маскі па 1,38 рублі. Антысептыкі спіртавыя прадстаўленыя сродкамі «Дэзор», «Септаль», «Алмадэз», літр каштуе ад 6 рублёў. Нестэрыльныя пальчаткі – па 22 капейкі, стэрыльныя па 68 за пару. маскі 1,38

У капыльскім філіяле «Планеты здароўя» няма ў наяўнасці нічога са спісу: паводле правізара, пастаўка масак, антысептыкаў і пальчатак чакаецца толькі ў аўторак.

Hавiны
У Барысаве памёр 50-гадовы фельчар «хуткай дапамогі». У яго выявілі COVID-19
2020.04.09 07:34

Барысаў

У кругласутачнай аптэцы «Дзяжурная» па вул. Камсамольскай марлевых масак няма і пакуль не будзе. Затое ёсць паралонавыя па 1,38. Маленькі антысептык (50 мл) рэалізуюць па 5,77 рублёў.

У аптэцы па вул. Брылёўскай, што належыць да камерцыйнай сеткі »Мая аптэка» нам паведамілі, што сёння там раскупілі дзве апошнія маскі. «Завоз тавару быў сёння, але маскі не паступілі. Даслалі аптэкам ліст, дзе казалі ў першую чаргу забяспечыць маскамі дзяржаўныя аптэкі», – распавяла правізар. 50 мл антысептыку для рук каштуюць тут 4,50.

Дзяржаўная аптэка РУП «Фармацыя» па вул. Будаўнікоў 36/а рэалізуе маскі з 4 слаямі марлі вытворчасці прадпрыемства «Світанак» за 1,65. Антысептык з 70% этанолам тут фасуюць у банкі па 50 мл – ён каштуе 1,57. Пальчаткі – 44 капейкі.

***

Такім чынам, калі ў дзяржаўных аптэках, збольшага, маскі можна здабыць, то ў прыватных сетках гэта зрабіць складаней. Акрамя таго, кошты нават у дзяржаўных адрозніваюцца на 10-30 капеек.

Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка агучыў намер пабываць на прадпрыемствах, якія вырабляюць сродкі абароны і запытаць, «ці круглыя содні яны працуюць».

Тым часам тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» піша, што пасля загаду Лукашэнкі прадпрыемствы пачалі вырабляць маскі з усяго запар, у тым ліку з ніжняй бялізны.

КА belsat.eu

Стужка навінаў