Пра гэта паведамляюць удзельнікі варты каля рэстарацыі «Поедем поедим».
Увечары 16 лютага на старшыню «Маладога фронту» падчас ягонае варты ў Курапатах наехала аўта.
«Кіроўца аўта раптоўна даў газу з месца і на хуткасці наехаў на Дзяніса. Праз удар ён адляцеў на некалькі метраў, грукнуўся галавою аб асфальт», – піша адзін з удзельнікаў Курапацкае варты Дзяніс Івашын.
Пасля гэтага «хуткая» адвезла Урбановіча ў Менскую абласную больніцу, дзе лекары канстатавалі выцятыя месцы.
«Дзяніс значна не пацярпеў, пераломаў няма», – дадаў Івашын.
Актывісты абароны Курапатаў заяўляюць, што кіроўца аўта – музыка, які выступае ў «Бульбаш-холе».
«Зараз з ім разбіраецца міліцыя», – дадае сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, адзін з актыўных удзельнікаў Курапацкае варты.
З пачатку чэрвеня 2018 году ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі. Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол».
Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Гэта не першы аўтамабільны наезд на абаронцаў Курапатаў. У чэрвені 2018 года Кіроўца «Мазды» наехаў на дваіх чалавек, тыя атрымалі лёгкія пашкоджанні.
ДД