Марш мудрасці і затрыманні журналістаў. 121-ы дзень пратэстаў у Беларусі


7 снежня стаў чарговым для беларусаў днём супрацьстаяння з уладамі. «Белсат» распавядае пра галоўныя падзеі панядзелка.

Марш мудрасці па змененым маршруце

Сёння Марш мудрасці спрабаваў прайсці па іншым маршруце. Пенсіянеры сабраліся на плошчы Якуба Коласа, ім удалося дайсці да вакзалу і плошчы Незалежнасці. Аднак сёння людзей было значна меней, чым звычайна. Напэўна, сваю ролю адыграла даволі марознае надвор’е.

Сілавікі актыўна перашкаджалі пратэстоўцам. Удзельнікі акцыі аказаліся заблакаваныя міліцыянтамі, бусікамі і нават трактарамі. Грамадскі транспарт не спыняўся. Таму людзі паціху разышліся.

Hавiны
«Не ведаю, чаго чакаць ад гэтай улады». Думкі і твары на маршы мудрасці. Фота
2020.12.07 19:34

Затрыманні журналістаў «Белсату»

У Менску падчас Маршу пенсіянераў былі затрыманыя аператар Іван Куракевіч і журналістка Любоў Лунёва. Любоў паспела паведаміць калегам, што іх даставілі ва УУС Савецкага раёну.

Папярэдне стала вядома, што на журналістаў складзеныя пратаколы за парушэнне арт. 23.34 КаАП, іх адпраўляюць у ізалятар на Акрэсціна, хоць на маршы яны выконвалі сваю працу. Трымаць там без суда іх могуць да 72 гадзінаў.

Hавiны
Затрыманыя журналісты «Белсату» Любоў Лунёва і Іван Куракевіч засталіся на Акрэсціна
2020.12.07 18:44

Два з паловаю гады за балаклаву

Суд Савецкага раёну Менску прызнаў Наталлю Хершэ вінаватаю паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу – «Супраціў міліцыянту, які ахоўвае грамадскі парадак». Таксама жанчыну пакаралі Br 1000 штрафу, 2,5 гадамі калоніі і пастанавіў забраць і знішчыць БЧБ-сцяг, які ў жанчыны адабралі пры затрыманні.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Наталля Хершэ 12 гадоў жыве ў Швейцарыі, мае грамадзянства гэтай краіны. Таму на судзе прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Швейцарыі і Аўстрыі. Пасля агалашэння прысуду, людзі ў залі пачалі крычаць «Ганьба».

На судзе сваю вінаватасць Наталля так і не прызнала.

Лукашэнка ізноў сказаў усім працаваць

На эканамічнай нарадзе, якая адбылася 7 снежня, Аляксандра Лукашэнка ізноў загадаў разабрацца з тымі беларусамі, хто не мае працы, але ходзіць па мітынгах.

«Падключыце, каго вы лічыце патрэбным. Неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, якія цягаюцца, і прымусіць іх працаваць. Паўтараю: як бы гэта непапулярна не гучала. Сёння непрацоўны, чалавек, які цягаецца па вуліцы, – гэта не проста «пратэстун», гэта будучы злачынца».

Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава змушаная выдаткоўваць вялікія грошы на расследаванне гэтых «злачынстваў», а таксама на ўтрыманне іх у «месцах не вельмі аддаленых».

МАК загадаў выключыць Лукашэнку з шэрагаў НАК

Міжнародны алімпійскі камітэт апублікаваў захады супраць кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Сярод іхных патрабаванняў: выключэнне абраных сябраў Выканаўчага савету НАК Беларусі з усіх мерапрыемстваў МАК, у тым і Алімпійскіх гульняў. Сярод іх – Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Віктар, а таксама Дзмітрый Баскаў.

Таксама МАК патрабуе прыпыніць усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэннем выплат, звязаных з падрыхтоўкай беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Токіа 2020 і зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне 2022. Усе алімпійскія стыпендыі для беларускіх спартоўцаў цяпер будуць выплачвацца непасрэдна спартоўцам, а ўжо не праз НАК.

Усе беларускія спартоўцы, якія маюць права на ўдзел, могуць удзельнічаць у кваліфікацыйных мерапрыемствах да маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў без палітычнай дыскрымінацыі.

Алімпійскі камітэт лічыць, што варта прыпыніць любыя дыскусіі з НАК Беларусі наконт правядзення будучых мерапрыемстваў МАК.

Святлана Ціханоўская прадставіла канцэпцыю новых выбараў

Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі на сваёй афіцыйнай старонцы апублікавала канцэпцыю новых выбараў. У ёй яна абяцае правесці выбары за 60 дзён максімум.

Каманда Святланы Ціханоўскай падрыхтавала 10 прынцыпаў, якія дапамогуць правесці новыя і сумленныя выбары. Сярод іх: удзел назіральнікаў на ўсіх этапах галасавання, абмежаванне датэрміновага галасавання, адкрыты і публічны падлік галасоў, актыўны ўдзел назіральнікаў у выбарах.

Святлана Ціханоўская падкрэслівае: каб правесці сумленныя выбары, не трэба мяняць Выбарчы кодэкс. Варта толькі змяніць інструкцыю па ягоным ужыванні.

Hавiны
Святлана Ціханоўская абвесціла новыя правілы правядзення выбараў
2020.12.07 17:00

КТ belsat.eu

Стужка навінаў