Экспазіцыя складаецца з малюнкаў і запісаў мастака, зробленых за кратамі ў 2012 годзе за перформансы, праведзеныя ў Смаргоні і Менску.
Мастацкія выказванні праводзіліся на знак ушанавання Расціслава Лапіцкага, якога расстралялі за антысавецкі супраціў.
У верасні 2012 года мастакі Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў і Алесь Цыркуноў разам з мясцовымі актывістамі адзначылі ўгодкі народзінаў Расціслава Лапіцкага ў Смаргоні. У царкве асвяцілі партрэты Лапіцкага, затым пайшлі з партрэтамі Лапіцкага па гораду, дарогаю раздавалі мінакам буклеты. Удзельнікаў імпрэзы затрымалі ды завялі ў пастарунак. За сваю акцыю мастакі і актывісты атрымалі штрафы ды адміністратыўныя арышты.
Падчас 10-суткавага арышту Алесю Пушкіну перадалі альбом для малявання і фламастары. У ім мастак рабіў эскізы помніку Лапіцкага, накіды сукамернікаў і вёў дзённік. Алесь Пушкін трымаў галадоўку, таму на старонках альбому ёсць малюнкі ежы пад загалоўкам «Стравы, пра якія мару».
На адкрыцці выставы прэзентавалі кнігу-альбом турэмных малюнкаў Алеся Пушкіна. Кніга выйшла ў серыі «Беларуская турэмная літаратура».
Выстава арганізаваная Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Цэнтрам даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Пабачыць экспазіцыю можна ў адукацыйнай прасторы «Тэрыторыя правоў», вул. Ложынская, 16, памяшканне 404. Ст. метро «Уручча». Уваход вольны.
Ірына Арахоўская, фота аўтаркі belsat.eu