«Хочуць апраўдаць смяротны стрэл у Генадзя Шутава». Берасцейца будуць судзіць за замах на забойства падчас пратэстаў

41-гадовы жыхар Берасця Аляксандр Кардзюкоў сябраваў з забітым Генадзем Шутавым. 11 жніўня яны былі разам у тым самым двары, дзе Генадзь быў смяротна паранены стрэлам у патыліцу. Аляксандр здолеў уцячы. Яшчэ цягам двух дзён ён не ведаў, што адбылося з сябрам, – шукаў яго і быў упэўнены, што знойдзе недзе ў ізалятары часовага ўтрымання. 13 жніўня мужчына даведаўся, што Генадзь у коме. А на наступны дзень, 14 жніўня, затрымалі і самога Аляксандра, абвінаваціўшы ў супраціве супрацоўнікам органаў унутраных справаў. Нядаўна артыкул быў зменены: цяпер берасцеец – падазраваны ў замаху на забойства.

«Я быў там, але здолеў уцячы»

Пра затрыманне Аляксандра Кардзюкова, новае абвінавачанне і тое, як цяпер жыве ягоная сям’я, belsat.eu паразмаўляў са старэйшай сястрой берасцейца Марынай.

«Брата забралі на маіх вачах, каля першай гадзіны ночы з 14 на 15 жніўня», – сказала жанчына на пачатку размовы.

Напярэдадні, днём 14 жніўня Аляксандр і Марына размаўлялі па тэлефоне.

«Ён мне сказаў: я быў там, але здолеў уцячы», – згадвае размову жанчына.

Тады па тэлефоне, паводле Марыны, брат упершыню распавёў ёй, што адбылося – што ягоны сябар Генадзь Шутаў у цяжкім стане ў шпіталі. Да гэтага жанчына нават не ведала, што Генадзь знік. Асабіста яна з ім ніколі не сустракалася, толькі ведала, што яны з братам сябруюць. Паводле Марыны, Аляксандр быў вельмі засмучаны, плакаў. Калі супакоіўся, сказаў, што разам з жонкаю збіраецца ехаць да мамы, чакаў яе ў гаражы.

Праз пару гадзінаў пасля гэтай размовы Марыне патэлефанавала жонка Аляксандра, таксама Марына, і сказала, што ён знік, – разам з сынам яна прыехала ў гараж, а мужа там не было.

«Яны вярнуліся дадому, увечары я прыехала да іх, і тады прыйшоў супрацоўнік міліцыі ды пачаў казаць, што Сашу трэба здацца, навошта ён хаваецца, – узгадвае падзеі таго жнівеньскага вечара сястра Аляксандра Кардзюкова. – Мы не разумелі, пра што ён кажа, чаму Сашу шукаюць, а яшчэ больш незразумела было, што значыць, што ён хаваецца. Усе тыя дні з 11 жніўня ён жыў звычайным жыццём. 11 жніўня ён вярнуўся начаваць дахаты, наступныя дні быў дома, хадзіў у краму, гараж. Ён ні ад каго не хаваўся».

Аляксандр Кардзюкоў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Жанчына звяртае ўвагу на тое, што пазней у Следчым камітэце ёй далі праслухаць тую ейную размову з братам, што адбылася ўдзень 14 жніўня. Тады яна зразумела, што яго даўно праслухоўвалі, а таму ведалі, дзе ён быў.

«Брат не ведае, што ў нас судоў ужо не засталося»

Супрацоўнік міліцыі, паводле Марыны, сказаў, што калі Аляксандр прыйдзе ў міліцыю сам раніцаю, то праз трое содняў яго адпусцяць.

«Калі міліцыянт сышоў, мы паехалі шукаць Сашу, – распавядае далей жанчына. – Ягоны гараж быў адчынены, мы падумалі, што Саша мусіць быць недзе там. Мы хадзілі па гаражах і клікалі яго. Ужо потым я зразумела, што там была засада. Калі Саша пачуў нас, выйшаў, нам перакрылі дарогу, а яго запхнулі ў нейкую машыну. Людзі, якія яго забралі, нават не былі падобныя да міліцыі – у цывільным, але з пісталетамі ды кайданкамі».

Да 4-й гадзіны раніцы Марына разам з братавай жонкай ездзіла за ім у міліцыю, Следчы камітэт – хацела даказаць, растлумачыць, што ён не хаваўся і ні ад каго не збягаў. Аляксандра замкнулі ў ІЧУ. Там яго пратрымалі 10 содняў, а потым перавялі ў СІЗА на Валадарцы ў Менску, дзе Аляксандр і застаецца дагэтуль. Мужчыну прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 363 КК РБ – супраціў супрацоўніку міліцыі, які ахоўвае грамадскі парадак. Нядаўна гэты артыкул быў зменены на 139, ч. 2 – замах на забойства. Следства ўжо скончанае, і пасля 15 студзеня, паводле Марыны, можна чакаць суда.

Аляксандр Кардзюкоў разам з жонкай Марынай. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Пра дэталі справы сям’я Аляксандра ведае надзвычай мала. Адвакаты пад падпіскай аб неразгалошванні, амаль нічога не распавядаюць. Сам берасцеец пра справу таксама не піша, бо цэнзура. У тых лістах, што даходзілі сям’і, Аляксандр выказваў надзею, што на Новы год будзе дома.

«Але тое было, пакуль яму не змянілі артыкул, – кажа жанчына. – Ён увогуле не чакаў, што можа ў такое ўліпнуць, спадзяваўся на справядлівасць. Пра новае абвінавачанне Саша пісаў, што гэта смешна, і што ніводзін суд у гэта не паверыць. Але ён жа са жніўня за кратамі, у інфармацыйнай ізаляцыі, і не ведае, што тут і судоў ужо не засталося…»

«Я не ўбачыла там міліцыю, толькі бандытаў са зброяй»

Марына таксама лічыць новае абвінавачанне (як, зрэшты, і тое, што адбылося нібыта паводле арт. 363), абсурдам. Апошнія месяцы жанчына спрабуе аналізаваць сітуацыю, зразумець, за што на яе брата павесілі гэтую справу.

«Адзінае, што прыходзіць у галаву, чым я магу патлумачыць такі паварот, што ім стала мала таго артыкулу, каб апраўдаць тое, што яны стралялі, – кажа жанчына. – Бо проста супраціў не апраўдвае прымянення зброі ды смяротнага стрэлу, а ўжо нібыта замах на забойства – зусім іншая справа, і таму ім давялося страляць».

Яшчэ ў жніўні, калі Генадзь Шутаў быў у шпіталі, Следчы камітэт заявіў, што міліцыянты ў Берасці сапраўды ўжывалі агнястрэльную зброю, каб абараніцца ад групы агрэсіўных пратэстоўцаў, узброеных арматурай. Ніякіх прозвішчаў тады не называлася.

Развітанне з Генадзем Шутавым. Фота: Белсат

Што дакладна адбывалася 11 жніўня, Марына не ведае.

«Я сотні разоў праглядала той відэазапіс, дзе нібыта відаць супраціў, замах, – распавядае жанчына. – Але я не бачу ў гэтых дзвюх хвілінах ніякіх падобных дзеянняў ад брата. Акрамя таго, я там не пабачыла міліцыі – ніводнага апазнавальнага знаку. Там былі бандыты са зброяй».

Жанчына кажа, што не ведае, ці быў Аляксандр сведкам забойства Генадзя Шутава, але мяркуе, што стрэлу брат не бачыў, бо наступныя два дні быў упэўнены, што Генадзь проста не змог уцячы і быў затрыманы.

Спатканне з братам узрадавала і спужала

«Не магу перастаць думаць, што не да лепшага гэта: маўляў, калі такі артыкул, то паглядзіце на яго апошні раз», – дзеліцца перажываннямі Марына.

Спатканне цягнулася каля гадзіны. Як згадвае Марына, брат трымаецца, стараецца быць моцным, кажа, што да яго добра ставяцца, добрыя сукамернікі, усяго хапае, папрасіў толькі вітаміны перадаць. Распавёў яшчэ, што ныркі пачалі балець, яму нават зрабілі аналізы, і яны добрыя.

«Але ў мяне склалася адчуванне, што ён імкнуўся зрабіць выгляд, што трымаецца, дзеля нас, бо вельмі перажывае, як мы тут», – мяркуе Марына.

Жанчына распавядае, што сям’я сапраўды моцна хвалюецца за Аляксандра. Найбольш – дзесяцігадовы сын Трафім. Паводле Марыны, у хлопчыка з бацькам вельмі блізкія дачыненні. Апошні час Аляксандр не працаваў і шмат часу бавіў з хлопчыкам, пакуль жонка была на працы.

Аляксандр Кардзюкоў з жонкай і сынам Трафімам. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Трафіму адразу распавялі ўсю праўду пра тое, што здарылася з татам, – жонка Аляксандра палічыла, што лепш так, чым калі ён пачуе гэта ў перакручаным выглядзе ад каго іншага.

«Трафім – копія таты, вялікі малойца, выдатна вучыцца», – распавядаючы пра пляменніка, Марына пачынае плакаць.

Мама чакала сына дахаты да Новага года

Марына не можа стрымаць слёз, і распавядаючы пра свайго брата, – ягоны характар, іхнае агульнае дзяцінства.

«Я не ведаю чалавека, дабрэйшага за майго брата, – кажа жанчына. – Наша мама ў шоку дагэтуль, усё ўзгадвае гісторыі, звязаныя з Сашам, і не можа паверыць у тое, у чым яго абвінавачваюць, бо ён нікога не мог пакрыўдзіць – пра які замах на забойства можа ісці гаворка? Неяк мама папрасіла Сашу забіць курыцу, дык ён сказаў, што не здолее, давялося прасіць суседа, а потым Саша сышоў з-за стала, калі пачуў, што мама згатавала тую самую курыцу».

«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня

Паводле Марыны, яна ніколі не чула, каб брат на некага павышаў голас, крычаў. Заўсёды быў гатовы дапамагчы тым, каму горш. Аднойчы кінуўся пад машыну, спыніў яе, каб выратаваць сябра.

За 63-гадовую маму Марына сур’ёзна непакоіцца – жанчына блізка да сэрца бярэ ўсё, што адбываецца з сынам.

«Яна ўсё чакала яго дамоў да Новага года, казала кожны раз: хутчэй бы адпусцілі, – тлумачыць Марына. – Яна не можа зразумець, за што яго так доўга трымаюць. Тата таксама перажывае. Яны стараюцца трымацца, адзін аднаго падтрымліваць. Зрэшты, усе мы, бо інакш немагчыма гэта ўсё трываць».

«Як можна не выйсці, калі табе хлусяць у вочы?»

На мітынгі, са словаў Марыны, Аляксандр не хадзіў, хоць і не быў абыякавы да сітуацыі ў краіне. Але ён абяцаў жонцы, што не будзе хадзіць.

«Відаць, 11 жніўня ён ужо проста не вытрымаў, хоць дакладна я не ведаю, як ён там апынуўся, – кажа жанчына. – Ды і як можна заставацца абыякавым, калі табе хлусяць у вочы? Калі ты ведаеш, за каго ты галасаваў, твае сябры, суседзі, а табе кажуць – 80 %. Як тут можна змірыцца? А потым такі здзек з людзей 9–10 жніўня. Дык як тут можна не выйсці?»

Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, санкцыя паводле артыкулу 139 можа прадугледжваць нават смяротнае пакаранне. Тым не менш, як кажа Марына, юрысты, з якімі яна кансультавалася, а таксама адвакаты, сцвярджаюць, што пра такую захаду ў справе Аляксандра Кардзюкова гаворкі не вядзецца. Пажыццёвае зняволенне таксама малаверагоднае. Якіх тэрмінаў можна чакаць – адвакаты казаць пакуль не бяруцца, бо артыкул занадта нечаканы, у тым ліку і для іх.

Дагэтуль не закрытая крымінальная справа за супраціў супрацоўнікам міліцыі, заведзеная на Генадзя Шутава, які памёр 19 жніўня ў выніку наступстваў стрэлу ў патыліцу. Родныя Генадзя пры гэтым сцвярджаюць, што мужчына не ўдзельнічаў у пратэстах і не нападаў на міліцыянтаў.

Крымінальная справа паводле факту ягонага забойства заведзеная не была.

7 гадоў і 1,5 года калоніі: у Наваградку вынеслі прысуд у справе аб масавых закалотах і абразе Лукашэнкі

Ганна Ганчар belsat.eu

Hавiны