Прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура даў старт найбуйнейшым у гісторыі краіны грамадзянска-вайсковым вучэнням «двухсотгоддзе Ангастуры-2019«, у якіх прымаюць удзел як узброеныя сілы, так і народнае апалчэнне рэспублікі.
Перад пачаткам манеўраў у штаце Міранда Мадура азнаёміўся з узорамі вайсковай тэхнікі, у тым ліку ракетнымі ўстаноўкамі расейскай вытворчасці, якія стаяць на ўзбраенні венесуэльскіх узброеных сіл, вынікае з трансляцыі ў Periscope на старонцы прэзідэнта краіны ў Facebook.
«Мы рыхтуем самыя важныя вайсковыя вучэнні ў гісторыі Венесуэлы, з 10 па 15 лютага. Гэта найбуйнейшыя вучэнні ўсёй нашай краіны, таму што мы збіраемся прадэманстраваць усю нашу вайсковую моц», – казаў Мадура.
Падчас вучэнняў вайскоўцы адпрацуюць сцэнары магчымага «уварвання на тэрыторыю краіны».
Вучэнні прымеркаваны да 200-гадовага юбілею Ангастурскага кангрэсу, скліканага па ініцыятыве Сымона Балівара ў сталіцы вызваленай ад іспанскага валадарства правінцый Венесуэлы – горадзе Ангастуры 15 лютага 1819 года. Кангрэс абвясціў незалежнасць Венесуэлы і прызначыў Балівара часовым прэзідэнтам і галоўнакамандуючым войскам рэспублікі.
3 лютага прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв’ю тэлеканалу CBS заявіў, што Белы дом разглядае адпраўку амерыканскіх вайскоўцаў у Венесуэлу як адзін з варыянтаў дзеянняў, аднак не адказаў на пытанне, якія ўмовы павінны скласціся, каб ЗША пайшлі на ўзброенае ўварванне. Акрамя таго, Трамп распавёў, што прэзідэнт Мадура прасіў пра асабістую сустрэчу з ім, але атрымаў адмову.
Палітычнае становішча ў Венесуэле абвастрылася 23 студзеня, пасля таго як лідар апазіцыі, спікер Нацыянальнага сходу Венесуэлы Хуан Гуаідо абвесціў сябе прэзідэнтам на знак нязгоды з інаўгурацыяй Нікаляса Мадура і паабяцаў правесці ў краіне датэрміновыя выбары. Следам адразу некалькі краінаў, у тым ліку ЗША, прызналі Гуаідо часовым кіраўніком Венесуэлы. Мадура абвінаваціў апазіцыю ў спробе здзейсніць дзяржаўны пераварот, а Вашынгтон – у спробе падзяліць Венесуэлу і разбурыць яе дэмакратыю. Гуаідо прызнаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, большасць краін Лацінскай Амерыкі, а таксама ўлады Канады, Грузіі і МЗС Даніі. Мадура назваў апазіцыйнага лідара неканстытуцыйным прэзідэнтам. Венесуэльскага прэзідэнта падтрымалі Расея, Турцыя, Кітай, Куба і Балівія.
Мадура абвесціў пра закрыццё амбасады і ўсіх консульстваў Венесуэлы ў ЗША, а пазней разарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША. Ён даў амерыканскім дыпламатам 72 гадзіны, каб пакінуць краіну.