Лынтупы – вольналюбнае мястэчка, якое льготамі не заманілі ў статус вёскі


Гарадскі пасёлак Лынтупы знаходзіцца на самым захадзе Віцебскай вобласці, побач з літоўскай мяжою. Яшчэ дваццаць гадоў таму тут жылі больш за 2 тысячы чалавек, зараз ужо няма і паўтары тысячы жыхароў. Прычыны такога заняпаду ў адсутнасці працы ў мястэчку. Яшчэ нядаўна шмат людзей працавала на мясцовым спіртзаводзе, але ў сакавіку 2013 года там адбыўся выбух, і прадпрыемства вырашылі не аднаўляць.

– Крыху не хапіла заводу, каб адзначыць свой 425-гадовы юбілей, – кажа краязнаўца Алесь Гарбуль, – перастаяў ён некалькі войнаў, колькі разоў мянялася ўлада, а вось у наш час яго не стала.

Пагоня на вежы заводу

Зараз вядуцца размовы пра яго аднаўленне, але далей размоваў справа пакуль не ідзе.

А некалі Лынтупы былі вялікім прамысловым мястэчкам. «У Лынтупах былі піўзавод, спіртзавод, смолазавод, малакозавод, пякарня, дзве чыгункі, два чыгуначныя вакзалы: на вузкую і шырокую каляю. Вузкакалейка даходзіла да Кабыльніка, які зараз перайменаваны ў Нарач. З іншага боку яна ішла на Літву, якая была тады часткай Савецкага Саюза. Таму ў нас тут было вельмі шмат працоўных месцаў», – згадвае мясцовы жыхар Уладзімір Іванковіч.

Статус гарадскога пасёлка Лынтупы атрымалі ў 1967 годзе. Але, па словах суразмоўцы, менавіта ў тыя гады пачаўся паступовы эканамічны заняпад:

– У 60-я гады з галоўных вуліц Лынтупаў былі выкапаныя найлепшыя ліпы, іх запакоўвалі і везлі ў Менск, дзе яны былі высаджаныя на цяперашнім праспекце Незалежнасці, які тады насіў імя Леніна. Былі вывезеныя статуі, што стаялі ля палаца Бішэўскіх, некуды забралі абсталяванне малаказавода, а піўзавод наагул пасля вайны не аднаўлялі, проста разабралі.

Былы палац Бішэўскіх

Спадар Уладзімір прыводзіць цікавы факт пра тое, як у 60-х гадах разабралі вузкакалейку з Лынтупаў на Нарач. Аказваецца, яе перавезлі ў Менск і зрабілі там дзіцячую чыгунку.

– Вось так і дабівалі наша мястэчка, – падсумоўвае суразмоўца, – Разумныя людзі зразумелі даўно, што тут нічога не будзе і ў канцы 70-х – пачатку 80-х масава з’язджалі на Літву. Там была праца, лепш плацілі, лягчэй было атрымаць жыллё.

Увесну мясцовыя ўлады вырашылі змяніць статус пасёлка, зрабіўшы яго вёскаю. Памкненні, як заўсёды, былі самыя найлепшыя: у настаўнікаў вырасце заробак, дзеці атрымаюць бясплатнае харчаванне, больш сродкаў будзе выдаткоўвацца на адукацыю і медыцыну…

Краязнавец Алесь Гарбуль

У пачатку красавіка прайшоў сход жыхароў мястэчка, дзе ўлады хацелі правесці гэта рашэнне. Перад гэтым было вырашана сабраць подпісы жыхароў у падтрыманне гэтай ініцыятывы. Даручылі гэтую спарву настаўнікам.

Праўда, лынтупчане ўспрынялі ініцыятыву ўладаў у штыкі. Шмат непрыемных словаў давялося пачуць тады кіраўніцтву сельсавету і раёну ад жыхароў. Большасць жыхароў выказаліся супраць, і ўлады вырашылі пакуль не распаляць жарсці, а пакінуць усё так як ёсць.

– Усё залежыць ад людзей, – кажа намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкаму Юрый Кавалёў, – Мы паслухалі людзей, іх думкі раздзяліліся. Настаўнікі і частка людзей усё ж за тое, каб гэты статус змяніць. Але мы чакаем на ініцыятыву знізу.

Былыя панскія сажалкі

Што праўда, ініцыятыва гэта праяўляецца – на новай пячатцы лынтупскага лясніцтва напісана ўжо «вёска Лынтупы».

Непадалёк ад спіртзавода знаходзіцца былы Палац Бішэўскіх. Зараз яго купіў нейкі багаты чалавек з Расеі, ідзе рэстаўрацыя. Мясцовыя жыхары незадаволеныя, бо ім забаранілі хадзіць побач з палацам.

– А сто гадоў таму тут парад кайзераўскіх войск ладзілі, – кажа краязнаўца Алесь Гарбуль і паказвае фотаздымак з календара. – А тут былі прыгожыя сажалкі, палац стаяў як на выспе.

Рэшткі былой прыгажосці можна бачыць і зараз, што дае ўяўленне, як тут было некалі па сапраўднаму прыгожа.

Тут жа непадалёк знаходзіцца былая панская лядоўня, выява якой патрапіла на герб і сцяг Лынтупаў. Праўда, выгляд яе не такі прыгожы, як на сімвалах мястэчка.

Дрэва на даху былой канторы

І тут жа побач былая калгасная кантора з дрэвамі на даху і плакатам па тэхніцы бяспекі на дзвярах. У цэнтры ж мястэчка, дзе размешчаны касцёл, некалькі крамаў, пошта, ёсць яшчэ прыкметы жыцця. Па пятніцах тут праходзяць невялікі базары, куды прыязджаюць прадпрымальнікі з суседніх райцэнтраў.

Плошча мястэчка

Фермер Уладзімір Іванковіч бачыць перспектывы для Лынтупаў у развіцці турызму. Па яго словах, трэба гадоў дваццаць, і Лынтупы будзе не пазнаць:

– Але гэта праблема комплексная. Трэба, каб і выбары ў нас кіраўніка сельсавета і раёна былі, а не прызначалі іх. Каб 70 % падаткаў тут заставалася. Шмат што можна зрабіць. Напрыклад, міжнародны пункт пропуску. Літоўцы даўно гэтага хочуць, а нашыя ўсё ўпіраюцца.

Яшчэ адна праблема ў развіцца турызму – памежны рэжым тэрыторыі. У памежнікаў таксама план па выяўленню парушальнікаў гэтага рэжыму. Аштрафуюць замежніка – ён сюды больш не паедзе і іншых папярэдзіць, каб не ехалі.

“Тачанка” аўтарства мясцовага мастака

Праўда, ёсць ужо смельчакі, якія паціху рыхтуюцца прымаць турыстаў. Аляксандр Мажута нарадзіўся ў Лынтупах, працаваў у Вільні, але потым вярнуўся на радзіму. Ён збірае старыя рэчы і робіць розныя персанажы з адпрацаваных дэталяў.

– Пакуль паказваю гэта сябрам, раблю для душы, пра турыстаў яшчэ не думаў. Але час пакажа, – кажа ён.

Мастак Аляксей Панда з Маладзечна купіў былы дом чыгуначнікаў непадалёк ад станцыі Лынтупы. Ён цікавіцца старажытняй беларускай кухняй і збіраецца сур’ёзна заняцца яе адраджэннем. А пакуль рамантуе дом.

– Я даўно хацеў купіць штосьці такое арыгінальнае. Таму зараз я раблю рамонт, дзе пастараюся захаваць вонкавы выгляд такім, якім ён быў.

Помнік Баляславу Ялавецкаму

Непадалёк на станцыі стаіць бюст знакамітаму інжынеру-вынаходніку Баляславу Ялавецкаму, нарадзінцу гэтых мясцінаў. У свой час ён паспрыяў таму, што праз Лынтупы пралягла чыгунка. Гэта паспрыяла адраджэнню краю. Гэты бюст дадае аптымізму і сучасным жыхарам Лынтупаў, якія вераць у лепшую будучыню свайго краю.

ЗЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары