Лябедзька прэзентаваў 25 пытанняў да Лукашэнкі і выклаў новае відэа на YouTube


Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў падпісваць калектыўную петыцыю з патрабаваннем да Аляксандра Лукашэнкі даць справаздачу за 25 гадоў свайго кіравання і адказаць на 25 «народных» пытанняў у наўпроставым эфіры.

Петыцыя размешчаная на сайце change.org у межах грамадскай кампаніі #ДзеАдказ. У петыцыі прэзентаваныя 25 пытанняў, якія былі складзены з больш чым 5000 каментароў у межах ініцыятывы. Пытанні тычацца заробкаў беларусаў, справядлівых выбараў, нацыянальных сімвалаў, Курапатаў, незалежнасці Беларусі і таемных перамоваў з Пуціным, лёсу Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага і г.д.

Раней, 17 красавіка, Анатоль Лябедзька размясціў на YouTube ролік ў стылістыцы звароту Уладзіміра Зяленскага да Пятра Парашэнкі наконт дэбатаў на стадыёне. Лябедзька даў кіраўніку Беларусі 24 гадзіны на тое, каб пагадзіцца адказаць на 25 пытанняў у жывым эфіры. Лукашэнка заклік праігнараваў.

«Вы не зразумелі. Народны дэдлайн – гэта не аднадзённая акцыя. Гэта народная кампанія, мэты якой – справаздачнасць улады, сумленныя выбары, змяняльнасць і адэкватнасць улады», – кажа Лябедзька ў новым відэа на YouTube.

Акрамя падпісання калектыўнай петыцыі Лябедзька заклікае накіроўваць тэкст петыцыі ў электронных зваротах на сайце Лукашэнкі і працягваць задаваць пытанні ў сацыяльных сетках з хэштэгам #ДзеАдказ.

«Аляксандр Рыгоравіч, рабіце выбар: або адказвайце, або сыходзьце», – кажа апазіцыйны палітык у відэа.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў