«Лукашэнку павінны былі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці». Віцябляне звярнуліся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў


Тры тыдні віцябляне чакалі прыёму дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 Віктара Мікалайкіна. Карэспандэнт «Белсату» дзеліцца атмасферай, якая была на сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

24 верасня ў Віцебску каля прыёмнай Віктара Мікалайкіна сабралася шмат людзей. І перш, чым іх прыняў дэпутат, да людзей падышлі міліцыянты ў цывільным з відэакамерай і пагражалі адміністратыўнай справай паводле артыкулу 23.34 за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Такая сітуацыя абурыла людзей. Яны выказвалі меркаванні, што дэпутат, як і Лукашэнка, баіцца людзей таму ў «абарону» паклікаў супрацоўнікаў РАУС.

Супрацоўнікі ў цывільным здымаюць людзей на відэакамеру.
Фота: «Белсат»

Злабадзённыя пытанні, якія сёння абмяркоўваюць у краіне, агучыла грамадская актывістка Таццяна Севярынец. Напачатку размовы яна акрэсліла галоўную праблему з якой, на думку актывісткі, вынікаюць астатнія: фальсіфікацыя выбараў і незаконнае ўтрыманне ўлады Аляксандрам Лукашэнкам:

– З таго моманту, як Лукашэнка заявіў, што ён уладу не аддасць і будзе страляць у людзей, яго павінны былі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Пасля падлогу вынікаў выбараў людзі не змірыліся з ілжывымі вынікамі і таму яны выходзяць на вуліцы з кветкамі, у прыгожым адзенні, з плакатамі, каб паказаць сваю нязгоду з падманам. Па ўсёй Беларусі гэта дзясяткі і сотні тысяч, а разам і мільёны людзей, якія хочуць паказаць … Ну што Вы так моршчыцеся? – запытала Таццяна Севярынец у Віктара Мікалайкіна.

– Ну таму, што вы кажаце няпраўду. Паслухайце мяне. Адбыліся выбары. Народ зрабіў свой выбар.

– Ціханоўская Святлана абраная прэзідэнтам.

– Не. Цэнтральная выбарчая камісія прызнала пераможцам Лукашэнку Аляксандра і Лідзія Ярмошына ўручыла яму мандат прэзідэнта. Вы кажаце, што выходзяць мільёны, мільёны не выходзяць, ні па краіне, ні ў Віцебску.

Сустрэча з дэпутатам Віктарам Мікалайкіным.
Фота: «Белсат»

Віктар Мікалайкін правёў свае падлікі: каля 80 адсоткаў прынялі ўдзел у галасаванні, з іх, па яго перакананню, за Лукашэнку прагаласавала 80 адсоткаў. І, як ён сказаў, што калі б на вуліцы выйшлі два з паловай мільёны нязгодныя з вынікамі выбараў, то ўсё адно гэта была б меншасць.

– Акрамя таго, падабаецца вам гэта ці не, выбарамі займалася ЦВК, – працягваў Мікалайкін. – Ніхто не мае права ёй дыктаваць, яны прынялі рашэнне і мы павінны яго прызнаць. Усё роўна, хто не згодзен, меў права цягам трох дзён, а гэта па заканадаўстве кандыдаты ў прэзідэнты, апратэставаць гэты выбар. Больш таго, вось рашэнне Канстытуцыйнага суда РБ, тут не папрэш нікуды, Таццяна Яўгенеўна, тут чорным па беламу напісана.

Напрыканцы сустрэчы Мікалайкін і яго памочнікі выказалі падзяку Лукашэнку, што ён «уратаваў Беларусь ад каронавірусу».

Hавiны
Схопленую сілавікамі абаронцу Калеснікавай асудзілі
2020.09.25 20:59

Крысціна Авакумава belsat.eu

Стужка навінаў