Лукашэнка ў Берасці: «Я лічу, што кожны чалавек мае права выказваць сваю пазіцыю»


Аб гэтым ён гаварыў на сустрэчы з берасцейскімі актывістамі, якія выступаюць супраць акумулятарнага заводу, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка выступае за мір і захаванне стабільнасці. Аб гэтым ён гаварыў на сустрэчы з берасцейскай апазіцыяй, перадусім з праціўнікамі будаўніцтва АКБ. Ён адзначыў, што паважае розныя меркаванні людзей.

«Я добра вучыўся ў савецкія часы і сённяшнюю дэмакратыю вывучаў не па кніжках. Калі ёсць большасць, то яно з большага заўсёды вырашае. Але ёсць і меншасць, да якой трэба прыслухоўвацца. Таму я не лічу, што вамі трэба грэбаць. І я тут не заігрываю з вамі і не збіраюся вам ліслівіць. Я лічу, што кожны чалавек мае права выказваць сваю пазіцыю», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з берасцейскай апазіцыяй.
Фота: president.gov.by

Але ён падкрэсліў, што гэта датычыць толькі мірнага выказвання сваіх патрабаванняў.

«Я чалавек мірны, не хачу, каб мы зруйнавалі тую стабільнасць, якую зараз пабудавалі… Можа, іншыя зробяць лепей, 9 жніўня ўсё вырашыцца», – зазначыў Лукашэнка і заявіў, што не дапусціць фальсіфікацыяў на выбарах сёлета.

У размове ён адказаў апанентам, якія вінавацяць яго ў заклапочанасці пытаннямі сельскай гаспадаркі. Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта гэта дапамагае прыносіць у краіну мільярды долараў прыбытку.

«Я нікога з вас асабіста не зняважыў»

Закрануў кіраўнік краіны і справу «Белгазпрамбанку». Напачатку паразважаў, што нікога нельга зневажаць, і сам ён ніколі не зневажае іншых. Але потым удакладніў: жулікаў абараняць не трэба.

«Карупцыянерам у краіне рабіць няма чаго. Мецэнат, карціны прывёз дзяржаве. А на праверку што апынулася? Гэта іхныя карціны. А чаму мы мусілі іх зараз схапіць? А таму што яны пачалі канцы ў ваду хаваць вывозіць гэтыя карціны, грошы. Калі мы ў банк пайшлі, ведаеце, што знайшлі ў ячэйках? Грошы – гэта не галоўнае. Мы знайшлі флэшкі, жорсткія дыскі і мора інфармацыі. І гэтага баяцца іхныя ўладары», – сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з берасцейскай апазіцыяй.
Фота: president.gov.by

Ён параіў не падыгрываць «карупцыянерам», бо тыя збягуць за мяжу – а іншыя застануцца тут. І кіраўнік краіны заклікае ўсіх аб’яднання дзеля Беларусі.

«Я хачу, каб яны [дзеці – заўв. belsat.eu] жылі ў свабоднай, незалежнай краіне. Хопіць на нас ужо ездзіць, быць у лапцях і пад бізуном. Давайце як-небудзь разам устанем і абаронім».

***

Пратэсты супраць заводу АКБ у Берасці працягваюцца з зімы 2018 году. Актывісты кожную нядзелю збіраюцца на галоўнай плошчы горада, каб «пакарміць галубоў», іх рэгулярна штрафуюць і даюць содні арышту. Частка актывістаў не пацярпела ад пераследу – яны спрабуюць змагацца супраць заводу праз звароты ў розныя інстанцыі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў