Аляксандр Лукашэнка 18-19 красавіка зробіць афіцыйны візіт у Малдову, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
У Кішынэве Лукашэнка правядзе перамовы з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Малдовы, абмяркуе розныя аспекты міждзяржаўных дачыненняў. З прэзідэнтам Ігарам Дадонам ён сустрэнецца ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.
Галоўнай тэмай стане развіццё беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах, у тым ліку на пляцоўках ЕўразЭС і СНД.
На перамовах з прэмʼер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам разгледзяць пытанні пашырэння эканамічных сувязяў у розных галінах, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, харчовай прамысловасці, вытворчай кааперацыі. Асобная ўвага будзе нададзена працы існуючых і стварэнню новых сумесных прадпрыемстваў, развіццю супрацоўніцтва ў энергетыцы, гуманітарнай сферы і праваахоўнай дзейнасці.
У гэтыя ж дні ў Кішынэве пройдзе беларуска-малдаўскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У ім возьмуць удзел не толькі прадстаўнікі бізнес-колаў, але і кіраўніцтва гарадоў і раёнаў дзвюх краін, пройдзе выстава беларускай прадукцыі.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускі экспарт у Малдову ў мінулым годзе вырас на 13,3% да 133,4 млн долараў, імпарт скараціўся на 0,8% да 83,9 млн долараў.
КА, belsat.eu