Аляксандр Класкоўскі Лукашэнка спрабуе злучыць IT з саўком

палітычны аглядальнік, публіцыст

Сёння на нарадзе з айцішнікамі Аляксандр Лукашэнка засяродзiў увагу на тым, што «зямлю араць, гайкі тачыць, ствараць прадукты машынабудавання ды іншае – гэта застанецца яшчэ надоўга, калі не назаўжды». Гэты ягоны акцэнт сімптаматычны.

З аднаго боку, беларускі афіцыйны лідар відавочна песціць прадстаўнікоў IT-сферы, узяў на ўзбраенне модныя слоўцы кшталту «лічбавізацыі», з другога – застаецца закаранелым кансерватарам.

Ён спрабуе ўкрапаць элементы новай, прагрэсіўнай эканомікі ў саўковы яе масіў, які не хоча чапаць. Калі ж шырэй – не хоча, баіцца чапаць створаную ім сістэму, заточаную пад утрыманне адзінаасобнай улады.

Вось вам і майнінг, і англійскае права

Некалькі гадоў таму Лукашэнку пераканалі, што калі развязаць рукі Парку высокіх тэхналогіяў (ПВТ), то ён ператворыцца ў курыцу, якая нясе залатыя яйкі. У выніку ў канцы 2017 года падпісалі дэкрэт №8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Ён даў ПВТ спецыяльны прававы і падатковы рэжым да 2049 года, легалізаваў крыптавалюты і майнінг, прадугледзеў шмат іншых пернікаў, ажно да элементаў ангельскага права для рэзідэнтаў.

Год пасля Дэкрэту № 8: ці стала Беларусь ІТ-краінаю?

І ПВТ сапраўды бурна развіваецца, дынамічна нарошчвае экспарт. За 2018 год гэты паказнік вырас на 38% і склаў 1,414 мільярда долараў. Што асабліва ўражвае на фоне млявага, на мяжы стагнацыі, росту беларускай эканомікі ў цэлым.

Пры гэтым больш за 90% праграмных прадуктаў і паслуг ПВТ пастаўляецца ў краіны Еўразвязу і ЗША, у той час як іншыя галіны беларускай эканомікі страчваюць канкурэнтаздольнасць і мала што могуць прапанаваць распешчаным «буржуінам».

Ілюзіі тэхнакратаў

Некаторыя лідары беларускіх айтышнікаў, па маіх назіраннях, захопленыя ідэяй тэхнакратычнага прагрэсу, які, маўляў, цудоўным чынам трансфармуе ўсю сістэму без Плошчаў ды барыкадащ. Тым больш, што правадыр не глухі да свежых думак.

Сёння, напрыклад, Лукашэнка падтрымаў прапанову стварыць «хайтэк-універсітэт» для падрыхтоўкі кадраў новай фармацыі. Акрамя таго, як паведаміў постфактум у фэйсбуку бізнесмен Віктар Пракапеня, «прэзідэнт падтрымаў ідэю дазволіць некаторым школам увайсці ў ПВТ для праверкі розных эксперыментальных праграм, і, калі будзе пазітыўны вынік – маштабаваць гэтыя ідэі на ўсю краіну».

У Пракапені наагул рэвалюцыйныя ідэі: прапануе скасаваць рана, увесці ў школах асновы вядзення бізнесу, даць кожнай школе свой баланс, рахунак у банку, абавязаць публікаваць справаздачнасць і сістэму прэміяў настаўнікам і г.д.

Цалкам верагодна, што IT-універсітэт створаць і асобным школам дазволяць інтэгравацца ў ПВТ. Лукашэнка схільны даваць айтышнікам новыя льготы, рабіць выключэнні з правілаў. Паколькі пераканаўся, што ПВТ здольны эфектыўна генераваць прадукт – і пры гэтым, у адрозненни ад монстраў сацыялістычнай індустрыі, не есць у дзікіх колькасцях нафту, газ і іншыя энергарэсурсы, якія атрымліваць з Расеі па братэрскіх цэнах усё больш праблематычна.

25 гадоў Лукашэнка – ні «светлага мінулага», ні пэўнай будучыні

Падмена праблемы

Але пры гэтым, мяркуючы па ўсім, кіраўнік дзяржавы песціць надзею, што перадавыя кластары будуць цягнуць на сабе скрыпучыя калёсы саўковай эканомікі. Адсюль яго рэфрэн пра «зямлю араць» ды «гайкі тачыць». Неяк раней ён па-філасофску прамовіў:

«Так, у нечым машыны і робаты чалавека будуць аддаляць ад вытворчасці, іншых праблем і гэтак далей, але робат свядомасцю ніколі валодаць не будзе. Замест каровы цяля ніхто не народзіць…»

Аднак тут у наяўнасці падмена праблемы. Спрэчкі няма: і гайкі тачыць трэба, і кароў вырошчваць. Але фішка ў тым, што ў Еўразвязе гэта робяць у некалькі разоў больш эфектыўна. Прадукцыйнасць працы ў Беларусі ў шэсць з лішнім разоў ніжэйшая, чым у краінах ЕЗ. Ці не таму, што там няма монстраў сацыялістычнай індустрыі? Дарэчы, і ў Беларусі прыватныя кампаніі паводле ўзроўню прадукцыйнасці працы ў паўтара раза апярэджваюць прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці, у 2,2 разы – камунальнай.

Здавалася б, вось яно, рашэнне – як на далоні: разняволь дзелавую ініцыятыву, адпусці прадпрыемствы і галіны на вольны хлеб. Але – страшна разбурыць сістэму.

Аазісы на сумным фоне

Так што сёння мы бачым толькі аазісы прагрэсу на фоне сумнай беднай пустэльні. Пакуль пры ўсіх сваіх поспехах IT-сектар генеруе толькі крыху больш за 5% беларускага ВУП.

У цэлым жа доля высокатэхналагічнай прадукцыі ў беларускім экспарце не перавышае 3%. Велізарны дзяржсектар у прамысловасці з немалым лікам стратных прадпрыемстваў шмат у чым жыве яшчэ ў рэаліях мінулага стагоддзя, савецкага ладу, а вёска, хоць сельгасарганізацыі і змянілі шыльды, па сутнасці застаецца калгаснай.

І вось тут, колькі ні праядаюць лысіну міжнародныя інстытуцыі тыпу Сусветнага банку і МВФ, беларускае кіраўніцтва стаіць сцяной.

Магчыма, нязменны прэзідэнт і разумее ў глыбіні душы, што такім чынам тармозіцца развіццё краіны.

Уся сфера адукацыі заточная пад забеспячэнне лаяльнасці падданых, а не фармаванне грамадзянаў. Так што, баюся, большасць прагрэсіўных ідэяў Пракапені разаб’ецца аб рыфы сістэмы. А элементы ангельскага права ў рэзервацыі ПВТ не зменяць карціну прававога бязмежжа ў цэлым па краіне.

І як бы яе алічбоўванне пры спецыфіцы палітычнага рэжыму не ператварыла Беларусь у нейкі варыянт антыўтопіі з усёвідушчым вокам Вялікага брата.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

МВ, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары