Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сваім указам № 151 ад 18 красавіка скасаваў свой жа ўказ ад 23 кастрычніка 2012 года № 488 «Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў». Пра гэта паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.
Таксама ўносяцца змены ва ўказ ад 26 лютага 2015 года № 99 пра збіранне ПДВ дзеля паэтапнай адмены механізму абмежаванні падатковых вылікаў па падатку пры імпарце тавараў. Гэта дазволіць плацельшчыкам раней прымаць да выліку ПДВ і папаўняць абаротныя сродкі.
У межах дэдаларызацыі эканомікі прадугледжана выплата падатку за здабычу нафты і калійнай солі ў рублях, а не ў валюце. А самазанятым грамадзянам дазволена выконваць працы і аказваць паслугі не толькі для фізічных, але і для юрыдычных асоб і ІП.
Апроч таго, Лукашэнка падпісаў указ № 148 «Аб лічбавых банкаўскіх тэхналогіях», які пашырае ўжыванне міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ) для павелічэння даступнасці банкаўскіх і фінансавых паслуг. Сістэма функцыянуе ў Беларусі з 1 кастрычніка 2016 года і дазваляе кліентам, якія аднойчы прайшлі працэдуру ідэнтыфікацыі ў адным з банкаў, абслугоўвацца ў іншых. У якасці тэхналагічнай базы выступае АРІП.
Доступ да інфармацыі пра кліентаў, якая захоўваецца ў МСІ, атрымаюць дзяржаўныя органы, страхавыя арганізацыі, прафесійныя ўдзельнікі рынку каштоўных папер, лізінгавыя і мікрафінансавыя арганізацыі, форэкс-кампаніі.
Арганізацыі змогуць здзяйсняць здзелкі ў электронным выглядзе з ужываннем праграмаў і тэхналогій без выкарыстання электроннага лічбавага подпісу. Таксама дазваляецца пры ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліентаў выкарыстоўваць іх фота, відэа і голас кліента.
Таксама прадугледжанае развіццё смарт-кантрактаў – заключэнне камерцыйных кантрактаў з дапамогай блокчэйну.
Прадугледжваецца права кліентаў адклікаць сваю згоду на прадастаўленне дадзеных пра іх з сістэмы МСІ.
Чакаецца, што ўказ будзе садзейнічаць развіццю электронных паслуг, аптымізуе выдаткі, знізіць кошт банкаўскіх паслуг для насельніцтва, а таксама паспрыяе стварэнню рынку дыстанцыйных фінансавых паслуг і актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці.
МГ belsat.eu