Лукашэнка распавёў, чаго баіцца


Фота president.gov.by

Пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы кіраўнік Беларусі прызнаўся ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь-1», што мае адзін страх.

«Я ў аглядзе прачытаў розныя тлумачэнні на тэму страхаў, жахаў для Лукашэнкі ў будучыні і гэтак далей.

Па-першае, мне ўжо нічога не страшна. Я чалавек, які прайшоў праз шмат якія страхі. Але ёсць адзін страх, калі яго можна страхам назваць, – гэта эканоміка. Я заўсёды пра гэта кажу.

Калі будзе ў нас развівацца нармальная эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну хоць бы як цяпер, ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа. Не існуе такіх страхаў. Ні вонкавая агрэсія, ні што нас хтосьці заняволіць, захопіць, што нас нехта падпарадкуе… Ніякіх больш страхаў няма, акрамя эканомікі», – заявіў Лукашэнка.

Праблемы ў двухбаковых дачыненнях у Крамлі называюць «шурпатасцямі», але для Беларусі гэта не проста няроўнасці.

Масква абвінавачвае Менск у рээкспарце нафтапрадуктаў, вырабленых з ільготнага чорнага золата з-за ўсходняе мяжы. Ужо ў кастрычніку Расея плануе істотна скараціць пастаўкі энергарэсурсаў у Беларусь.

Новыя падаткавыя рэформы Пуціна ў нафтавай галіне, якія пачнуць дзеяць з пачатку новага года, могуць пазбавіць Менск прыбыткаў на амаль 4 % ад усяго валавога прадукту краіны. Толькі гэтага расейскага кроку хопіць, каб адправіць айчынную гаспадарку ў рэцэсію на некалькі бліжэйшых гадоў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары