Лукашэнка: Прыміце меры, каб, скончыўшы адукацыю, ішоў працаваць трэнерам. Не – пазбаўляйце дыплома


На нарадзе, тэмай якой было развіццё летніх відаў спорту, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў караць чыноўнікаў за адʼезд таленавітых беларускіх спартоўцаў за мяжу, а саміх маладых атлетаў – прымусіць плаціць грошы за права зʼехаць. Таксама ён заклікаў пазбаўляць дыпломаў тых трэнераў, што не працуюць паводле спецыяльнасці.

«Папярэджваю катэгарычна: не дай бог з’едзе за мяжу хоць адзін здольны спартовец, адразу ж пойдзе па вертыкалі праверка, чаму зʼехаў. Мы нікога трымаць не павінны, але вы павінны заключыць з кожным дзіцем (з бацькамі) дагавор. Яны тут вырастаюць чэмпіёнамі, а едуць ці ад нашай бязглуздзіцы, ці таму, што ім там, як вы кажаце, бабла адвалілі. Так заплаці – гэта ў дамове павінна быць прапісана – заплаці за сваю падрыхтоўку і будзь вольны. За гэтыя грошы мы падрыхтуем іншых», – сказаў ён.

«Я гэта кажу ўжо не першы год. Але не дай бог гэта не будзе рэалізавана – мала не будзе ні старшыням федэрацыяў, ні наглядальным радам, ні выканкаму НАК, ні іншым», – папярэдзіў Лукашэнка.

Лукашэнка на нарадзе раскрытыкаваў якасць трэнерскіх кадраў у Беларусі, назваўшы іх падрыхтоўку «агіднай». Ён таксама заклікаў караць тых, хто атрымаўшы дыпломы трэнераў, не ідзе працаваць па спецыяльнасці.

«Сёння трэнераў выпускаем у тры разы больш, чым іх працуе. Прыміце меры, каб, скончыўшы адукацыю, ішоў працаваць трэнерам. Не – пазбаўляйце яго дыплома, – сказаў Лукашэнка. – Гэта такая і праца ў дадзенай навучальнай установе. Там павінны быць адданыя і надзейныя людзі, калі яны прыйшлі і хочуць працаваць трэнерамі або настаўнікамі фізічнай культуры».

Ён заявіў, што ў асобных відах спорту за апошнія 10 гадоў падрыхтавана ў паўтара-два разы больш, чым трэнеры, чым сёння працуе.

«Дзе астатнія? –запытаў Лукашэнка. – Навошта мы грошы трацім, навошта мы ім адукацыю даем? Каб скарыначку атрымаць?»

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў