Лукашэнка прайграе выбары?

Сёлета ўпершыню апанент Лукашэнкі можа атрымаць больш галасоў на выбарах, чым сам Лукашэнка. Хаця яму намалююць патрэбны вынік. Аднак зарганізаваць элегантную перамогу так лёгка, як раней, цяпер будзе немагчыма. На якія сцэнары можа пайсці кіраўнік Беларусі, каб захаваць уладу?

«Дзяржава – гэта я!»: менавіта гэты класічны пасыл даносіць Лукашэнка праз сваю прапагандысцкую вертыкаль да беларусаў. Што праўда, цяпер існуюць вялікія сумневы ў эфектыўнасці заклікаў аб’яднацца ў няпросты момант вакол фігуры вядомага і моцнага лідара.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі заявіў:

Людзі нас бачаць пастаянна. Мы не выскачылі з-пад плінтуса нечакана, як шмат хто. Недзе былі, былі, бах – цяпер павылазілі ўсе і абяцаюць з верталёта па Беларусі раскідваць грошы.

Але менавіта новыя твары ды зразумелая рыторыка граюць на карысць супернікаў Лукашэнкі, прысутнасць якога не проста ў фатэлі кіраўніка краіны, а нават на сценах у школьных кабінетах магла істотна надакучаць выбарнікам. Якія ўсе правалы ўладаў асацыююць выключна з адным канкрэтным чалавекам.

Каментуе Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«Калі браць логіку паводзінаў Лукашэнкі, то ён будзе абапірацца на некалькі базавых слупоў. Першае – атаясамліваць незалежнасць Беларусі з пытаннем свайго пераабрання. Другое – паказваць success story, выхад з пікіроўкі ў нафтавых пытаннях з Расеяй у больш выгадным для Беларусі рэчышчы. Гэта, магчыма, будуць пэўныя спробы перайграць газавы канфлікт. І трэцяе – гэта, хутчэй за ўсё, запуск АЭС і анансаванне будучых эканамічных пераўтварэнняў, якія не прынясуць пагаршэння з эканамічным становішчам беларусаў».

З другога ж боку, першапачаткова ўлады разлічвалі на паўтарэнне выбарчага сцэнара 2015-га года. Здавалася б, прадумалі ўсё. На баку Лукашэнкі выступала шмат фактараў: і сезон адпачынкаў, і пандэмія, і вялікая верагоднасць адсутнасці міжнародных назіральнікаў, і ўрэшце вакацыі ў студэнтаў. Аднак пагаршэнне эканамічнай сітуацыі разам са з’яўленнем моцна папулярных апанентаў – найперш гаворка пра Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку – зблытала карты.

Мікола Статкевіч: Лукашэнка празяваў Ціханоўскага

Каментуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Ува ўсіх папярэдніх кампаніях Лукашэнка так ці інакш атрымліваў электаральную перамогу над сваімі апанентамі. Зразумела, ён не 80 % атрымліваў, можа, нават і не 50 %. Але ўсё роўна больш, чым яго бліжэйшы апанент. І гэта не стварала ніякіх праблемаў для ўсіх сябраў выбарчых камісіяў: якая розніца, пісаць 40, 50 ці 80 – усё роўна ён пераможца. Сёння, як мне бачыцца, сітуацыя сур’ёзна памянялася».

То бок мы сёння можам упершыню аказацца ў сітуацыі, калі апанент Лукашэнкі атрымае галасоў больш за самога Лукашэнку.

Паводле папярэдняга галасавання ў сеціве, з вялізным адрывам перамагае Віктар Бабарыка, набраўшы на розных платформах ад 40 да 55 %. Лукашэнку даюць не больш за 5 %. Але гэта ўсё-такі інтэрнэт. Падтрыманне ж Сяргея Ціханоўскага відавочнае: каб паставіць подпіс за ягоную жонку Святлану ў розных гарадах Беларусі збіраюцца вялікія чэргі. Дый медыйная актыўнасць прэтэндэнтаў станоўча ўражвае: інфармацыйныя нагоды адбываюцца фактычна штодня. Як мінімум карцінка сурʼёзнай палітычнай актыўнасці ўжо ёсць.

Гаворыць Каміль Клысіньскі, адмысловец у Беларусі, Цэнтр усходніх даследаванняў, Варшава:

«Выкарыстоўваць дэфініцыю «разгул дэмакратыі», можа, было б вельмі аптымістычна, але магчымасці пакуль ёсць. Людзі выказваюцца, нават збіраюцца ў чэргі, і ў вялікія чэргі, якія мы бачылі ў нядзелю ў Менску. І гэта неардынарна для Беларусі, што датычыць палітычных пытанняў. Хутчэй, толькі на адкрыцці гіпермаркетаў апошнім часам такія чэргі назіраліся ў Беларусі, а цяпер – у палітычных пытаннях. Што таксама кажа нам пра настроі грамадства».

Тое, у што гэтыя настроі трансфармуюцца, і ёсць галоўным пытаннем. Бо калі да крытыкі і патрабавання эканамічных рэформаў улады прызвычаеныя (а часам можна нават канвертаваць гэта ў вонкавапалітычныя козыры), то вось заклікі да радыкальнага пратэсту з мэтаю дэмантаваць дзейны рэжым – яўна не тое, што трэба Лукашэнку, асабліва на фоне пандэмі ды эканамічнага спаду.

«Выбарчая машына працуе бездакорна, дае патрэбны вынік. А вось што рабіць з вуліцаю, з Майданам? У Лукашэнкі тут ёсць вялікія асцярогі, праблема. Таму ён з самага пачатку задаў такую парадыгму, што людзей, палітычныя сілы, якія арыентуюцца на вулічны пратэст, ён адразу адсякае і будзе жорстка пераследаваць», – працягвае Валер Карбалевіч.

З другога боку, павышаны ўзровень жорсткасці можа прывесці да вельмі непажаданых наступстваў на міжнароднай арэне. Пагатоў у стасунках з Захадам пачаў зʼяўляцца пэўны прасвет, а Еўразвязу і Злучаным Штатам цяпер крыху не да выбараў у Беларусі. Ёсць рэальная магчымасць, так бы мовіць, праскочыць.

Ігар Тышкевіч:

«Сілавы варыянт у фармаце паўтарэння 2010 года малаверагодны, таму што Лукашэнка і ягонае атачэнне навучаныя досведам 10-11 гадоў, калі сілавы варыянт Плошчы разбурыў палітычныя ды эканамічныя канструкцыі, якія выбудоўваліся з 2008 года. Сітуацыя багата ў чым паўтараецца. І другі раз наступаць на тыя сама граблі – я спадзяюся, што на гэта розуму не хопіць».

У той жа момант доўгатэрміновы попыт на нейкія змены ў краіне нікуды не дзенецца, таму давядзецца дэманстраваць хоць бы вонкавыя зрухі. І тут на парадку дня маячаць як змены ў кіраўнічай вертыкалі, так і магчымае ўнясенне правак у Канстытуцыю, што абмяркоўваюць ужо больш за год. Штопраўда, іх сутнасць пакуль застаецца цьмянаю.

Зянон Пазняк: Будуць дзясяткі тысяч смерцяў

Каміль Клысіньскі:

«Мы ведаем, што ў ліпені абвесцяць новы склад ураду, але што гэта пойдзе ў бок рэформаў, я б не сказаў. Хоць павінна ісці, бо ўжо даўно ўсе эксперты, асабліва эканамісты, кажуць, што час рэфармаваць эканоміку. Але як гэта рабіць ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы, якая сама па сабе не схільная да рэформаў? Адказу на гэта пакуль не знайшлі».

Аднак шукаць гэты адказ у любым выпадку давядзецца. Бо выглядае на тое, што цяперашняя вертыкаль улады пачынае стрАчваць рычагі татальнага кантролю над сітуацыяй у краіне, а далейшае ручное кіраванне працэсамі ў савецкім стылі, характэрным для беларускіх чыноўнікаў, проста немагчымае.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» 29.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Nikolsky Alexei / TASS / Forum

 

 

Hавiны