Падчас выступу перад калектывам «Беларуськалія» Аляксандр Лукашэнка распавёў, што ўжо паказалі некалькі варыянтаў абноўленай Канстытуцыі, але яны не спадабаліся яму. Пра гэта піша БелТА.
Нагадаем, пачынаючы з 2017 года Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра неабходнасць унесці змены ў Канстытуцыю. У прыватнасці, ён казаў, што некаторыя функцыі прэзідэнта могуць перайсці да іншых галінаў улады, паўнамоцтва мясцовых органаў кіравання могуць быць пашыраныя. Аднак больш падрабязна пра сутнасць плануемых зменаў кіраўнік дзяржавы не распавядаў.
«Канстытуцыя – асноўны закон. Мы яе зробім за два гады, – заявіў Лукашэнка 26 чэрвеня 2020 года ў Салігорску, – Некалькі варыянтаў мне ўжо прапанавана – яны не падыходзяць. Людзі проста баяцца ўносіць больш рашучыя змены ў Канстытуцыю. Я думаю, нам гэта трэба зрабіць. Да прыняцця Канстытуцыі мы наагул шмат зробім у плане перадачы паўнамоцтваў уніз – да старшыняў райвыканкамаў, губернатара».
Лукашэнка падкрэсліў, што мясцовая ўлада павінна больш шырока займацца сваімі тэрыторыямі, таму што «на месцы ім лепш відаць». «Што тычацца пераразмеркавання паўнамоцтваў наверсе – прэзідэнт, парламент, урад, – гэта ўсё павінна быць прапісана ў Канстытуцыі. Яна будзе прымацца на рэферэндуме, мы павінны дакладна вызначыць, якім шляхам будзем ісці. Ці мы пойдзем шляхам, як прапаноўваюць сёння мае «альтэрнатыўшчыкі», праз прыватызацыю, рэформы і гэтак далей – гэта не са мной, я не пайду на злом сацыяльнага ўкладу нашай краіны », – сказаў ён.
Лукашэнка перакананы: вяртанне да Канстытуцыі ўзору 1994 году – гэта рух назад. Ён адзначыў, што 1990-я гады былі ня лепшымі ў жыцці краіны.
«Я не хачу вяртання да гэтых часах, не хачу, каб вы туды вярталіся, як бы тут некаторыя «альтэрнатыўныя» ні прапаноўвалі: «Нам трэба вярнуцца ў 1994 год і вярнуць тую Канстытуцыю». Можа, некаму хочацца вярнуць – хай вернуць, толькі не трэба казаць пра рэформы і рух наперад, калі мы народ вядзем таму», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
На мінулым тыдні патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка заклікаў правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі. Гэтую ініцыятыву ён агучыў у відэазвароце, які быў апублікаваны на наступны дзень пасля ягонага арышту. «Я хачу абвесціць новую ініцыятыву і я вельмі спадзяюся, што вы мяне падтрымаеце. Я прапаноўваю правесці агульна рэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі, узяўшы за прыклад Канстытуцыю 1994 года», – заявіў ён. Запіс у ініцыятыўную групу для правядзення рэферэндуму ўжо ідзе.
ІІ belsat.eu