Віктара Бабарыку і ягоных паплечнікаў прызналі палітвязнямі


Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і трох чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы.

Праваабаронцы лічаць, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх дзейнасці ў межах выбарчай кампаніі.

«Прадэманстраваныя падыходы следчых органаў да расследавання крымінальнай справы ў дачыненні патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты В. Бабарыкі і сябраў яго ініцыятыўнай групы – парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, грубае парушэнне права на абарону ды іншыя – падкрэсліваюць неправавы характар дадзеных дзеянняў», – падкрэсліваецца ў заяве.

Праваабаронцы заяўляюць аб прызнанні Віктара Бабарыкі, Эдуарда Бабарыкі, Святланы Купрэевай, Уладзіміра Дударава палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што іх затрыманне «стала працягам хвалі рэпрэсіяў, якія распачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння парламентам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі». «За гэты перыяд сотні грамадзянаў былі падвергнутыя розным відам рэпрэсіяў і пераследу: звальненням з працы, адміністрацыйным арыштам і штрафам. Асабліва жорсткім рэпрэсіям былі падвергнутыя члены ініцыятыўных груп па вылучэнні ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі», – канстатуюць аўтары заявы.

Нагадаем, Віктар Бабарыка і Эдуард Бабарыка былі затрыманыя 18 чэрвеня ў межах «справы Белгазпрамбанку», цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Купрэеву і Дударава затрымалі на мінулым тыдні.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў