Лукашэнка: Калі Данкверт не перастане нас прыгнятаць, то мы сыдзем на кітайскі рынак


Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Расеі Ігарам Арловым заявіў, што ў выпадку працягу харчовых войнаў Беларусь можа перанакіраваць пастаўку харчоў у Кітай, піша прэсавая служба кіраўніка краіны.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што якасць беларускіх прадуктаў харчавання даволі высокая. Акрамя таго, наша краіна пастаўляе харчы ў розныя рэгіёны свету. Але Рассельгаснагляд часта забараняе ўвоз харчоў з Беларусі.

«Мы гандлюем не толькі ў Расеі, ужо вельмі шмат і ў Еўразвязе, але яшчэ больш з Кітаем. Таму Данкверту (Сяргей Данкверт – кіраўнік Рассельгаснагляду. – Belsat.eu) трэба сказаць, каб перастаў нас прыгнятаць, а то мы сыдзем проста на кітайскі рынак», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі яшчэ перад сустрэчай з Уладзімірам Пуціным у Сочы 7 лютага распавядаў, што сёння ва ўсіх на слыху такія праблемы, пастаўкі нафты, газу, харчовыя войны, якія сталі звыклымі ў апошні час.

13 лютага прадукцыю шэрагу беларускіх малочных прадпрыемстваў знялі з маскоўскай выставы «Прадэкспа-2020». У Рассельгаснаглядзе палічылі, што харчы прывезлі без праходжання ветэрынарнага кантролю. У выніку 628 кг малака і гатовай малочнай прадукцыі шэрагу прадпрыемстваў Беларусі, а таксама сыр агульнай вагой 48 кг знялі з выставы і забаранілі да дэгустацыі і рэалізацыі. Пазней прадукты знішчылі.

Hавiны
Рассельгаснагляд забараніў дэгустацыю беларускай «малочкі» на «Прадэкспа»
2020.02.14 07:51

СК belsat.eu

Стужка навінаў