Аляксандр Лукашэнка, які з’яўляецца дзейным кіраўніком Беларусі і кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду, даручыў даць ацэнку законнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў, піша БелТА.
6 жніўня кіраўнік Беларусі сабраў нараду адносна забеспячэння бяспекі выбарчай кампаніі.
«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генеральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», – сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, неабходна даць магчымасць галасаваць спакойна, святочна, не асцерагаючыся нападак і ўмяшання ў асабісты выбар чалавека.
Лукашэнка таксама даручыў «абараніць людзей дзяржавы, якія сёння фактычна бясплатна, бязвыплатна працуюць на краіну» і прыцягнуць да адказнасці тых, хто «абражаў і запалохваў дзяржаўных служачых, вайскоўцаў, членаў выбарчых камісіяў, работнікаў вертыкалі ўлады», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка Беларусі.
Між тым, паводле стану на раніцу 6 жніўня, на платформе «Голас», створанай для альтэрнатыўнага падліку галасоў, зарэгістраваліся ўжо больш за 834 тыс. выбарцаў.
МГ belsat.eu