Лукашэнка даручыў пракуратуры і судам разабрацца з альтэрнатыўным падлікам галасоў


Абвестка на адным з участкаў у Менску.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Аляксандр Лукашэнка, які з’яўляецца дзейным кіраўніком Беларусі і кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду, даручыў даць ацэнку законнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў, піша БелТА.

6 жніўня кіраўнік Беларусі сабраў нараду адносна забеспячэння бяспекі выбарчай кампаніі.

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генеральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
ЦВК: Ужо прагаласаваў кожны восьмы выбарца
2020.08.06 10:41

Паводле яго, неабходна даць магчымасць галасаваць спакойна, святочна, не асцерагаючыся нападак і ўмяшання ў асабісты выбар чалавека.

Лукашэнка таксама даручыў «абараніць людзей дзяржавы, якія сёння фактычна бясплатна, бязвыплатна працуюць на краіну» і прыцягнуць да адказнасці тых, хто «абражаў і запалохваў дзяржаўных служачых, вайскоўцаў, членаў выбарчых камісіяў, работнікаў вертыкалі ўлады», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка Беларусі.

Між тым, паводле стану на раніцу 6 жніўня, на платформе «Голас», створанай для альтэрнатыўнага падліку галасоў, зарэгістраваліся ўжо больш за 834 тыс. выбарцаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў