Лукашэнка дамаўляецца з NATO

ВІДЭА

Беларусь асцярожна набліжаецца да NATO на фоне ціску з боку Крамля. Пра гэта сведчаць шматлікія спатканні дыпламатаў і вайскоўцаў, а таксама праца над двума важнымі дакументамі. Гаворка ідзе пра новую версію індывідуальнай праграмы партнёрства і супрацы Альянсу з Менскам, а таксама пра дамову аб абмене інфармацыяй. У штаб-кватэры Альянсу на пытанні Сяргея Пелясы пра дачыненні з Беларуссю адказалі генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг і міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

Берлінскі мур, які падзяляў Еўропу на свабодную заходнюю частку і савецкую ўсходнюю, разбурылі 30 гадоў таму. Тады падавалася, што гісторыя канфліктаў на еўрапейскім кантыненце скончылася. Аднак вайна ў Югаславіі перапісала гэты сцэнар. Паўночнаатлантычны альянс пашырыўся да межаў Беларусі ў 1999 г., калі да яго далучылася Польшча. Да ўлады ў Крамлі прыйшоў Уладзімір Пуцін, і Расея вярнулася да агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні суседзяў. Праз некалькі гадоў да NATO далучыліся чарговыя нашыя суседзі – Літва ды Латвія. Такім чынам, на сённяшні дзень Беларусь мяжуе з трыма дзяржавамі ў Альянсе.

Міністр замежных справаў Латвіі: Настаў час падпісаць дамову Беларусі з НАТО

Падчас сустрэчы Атлантычнай рады міністраў замежных справаў NATO у Бруселі 19 лістапада генеральны сакратар Альянсу Енс Стольтэнбэрг у адказ на пытанне «Белсату» заявіў:

«Мы з боку Беларусі не бачым ніякіх пагрозаў супраць саюзных краінаў NATO. Мы вітаем партнёрства і працу, якую мы робім з Беларуссю».

У суседніх жа Польшчы, Літве, Латвіі ды Эстоніі пасля агрэсіі Расеі супраць Украіны абудзіўся страх, што яны могуць стаць наступнымі цэлямі Крамля. У адказ Паўночнаатлантычны альянс размясціў страховачныя баявыя групы ў чатырох краінах. У кожнай тысяча жаўнераў з розных дзяржаваў Альянсу, галоўнае правіла якога – калектыўная абарона паводле прынцыпу «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго».

Дыслакацыя міжнародных батальёнаў NATO і батальёну 1-ай кавалерыйскай дывізіі Арміі ЗША

Міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч заявіў «Белсату» ў Бруселі:

«Мы хочам падтрымліваць нармальныя дачыненні. Мы хочам таксама, каб NATO вяло дыялог. Мы ведаем, што Польшча і NATO не ёсць аніякай пагрозай для Беларусі. Мы таксама, як сказаў генеральны сакратар, пагрозы з боку Беларусі не бачым, але геапалітычная сітуацыя ясна акрэсленая».

Палітык адзначыў, што бачыць ціск на Беларусь з боку Расеі. Польскі міністр дадаў, што шкадуе аб тым, што ў беларускім парламенце не прадстаўленая апазіцыя. Гэта не спрыяе блізкім дачыненням з Еўрапейскім звязам і NATO.

Сёлета Злучаныя Штаты часова перакінулі ў Літву яшчэ адзін батальён з пяцісот жаўнераў 1-й кавалерыйскай дывізіі, што выклікала нервовую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі. У Польшчы таксама размешчаныя некалькі тысяч вайскоўцаў ЗША.

Сілы меншыя за расейскія. Разлік ідзе на тое, што Расея не наважыцца атакаваць дзяржаву, якую абараняюць вайскоўцы з некалькіх краінаў.

Кіраўнік NATO адказаў, як адрэагуе альянс на магчымую інкарпарацыю Беларусі

Яцэк Чапутовіч, міністр замежных справаў Польшчы:

«Беларусь – не ўдзельніца NATO і блізкая саюзніца Расеі. Пра гэта трэба ведаць. Але гэта суверэнная дзяржава, якая вядзе ўласную палітыку. Мы гэта цэнім. Польшча хоча ўзмацняць суб’ектнасць Беларусі на міжнароднай арэне».

Пазіцыю нашай дзяржавы магла б узмацніць і дамова з NATO аб абмене інфармацыяй. Такі дакумент з Альянсам падпісала нават Расея. Пра пагадненне распавялі нам у штаб-кватэры ў Бруселі, але яго яшчэ не падпісалі. Неафіцыйна вядома, што адна з дзяржаваў Альянсу яго блакуе.

У Беларусі таксама няма прадстаўніцтва NATO. Улады не рашаюцца адкрыць нават інфармацыйны пункт Альянсу.

Каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Што тычыцца пункту, ён павінен тут быць. Хачу падкрэсліць, што амаль ува ўсіх краінах – сябрах АДКБ такія інфармацыйныя пункты ёсць».

У штаб-кватэры Альянсу распавялі «Белсату», што цяпер на парадку дня новы, пашыраны варыянт Індывідуальнай праграмы партнёрства і супрацы (IPCP) паміж NATO і афіцыйным Менскам. Гэта значыць, што Беларусь імкнецца, хоць і асцярожна, наблізіцца да Альянсу і пашырыць супрацу.

Працягвае генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг:

«Беларусь ёсць партнёрам NATO з 1995 г. Нашыя дачыненні з Беларуссю заснаваныя на супольным інтарэсе і адкрытых шанцах для дыялогу. Мы працуем з Беларуссю над пытаннямі празрыстасці, змяншэння рызыкі, бо мы верым, што ў сферы бяспекі мы бачым рост напружанасці. Мы бачым больш вайсковых вучэнняў. Таму трэба як мага больш празрыстасці і прадказальнасці».

Альянс праводзіць свае вучэнні празрыста. Інфармуюць пра іх загадзя, а назіраць прынамсі за часткай манеўраў могуць замежныя вайскоўцы і журналісты.

Камандзір базы ЗША каля Беларусі: Гэта місія адпужвання

Працягвае Раман Якаўлеўскі:

«На пачатку снежня ў штаб-кватэру NATO едзе немалая група розных беларускіх палітыкаў, экспертаў і журналістаў. Я спадзяюся, што з’явіцца дадатковая інфармацыя».

Беларусь суседнічае з NATO вось ужо 20 гадоў. За гэты час на нашых межах не здарыўся аніводзін небяспечны вайсковы інцыдэнт. Гэта сведчыць пра тое, што нашая краіна і Паўночнаатлантычны альянс – не ворагі, а суседзі і партнёры. Каб узмацніць гэтае партнёрства, галоўнае – празрыстасць і прадказальнасць, як сказаў нашаму тэлеканалу генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Празрыстасць і прадказальнасць азначаюць, што трэба сустракацца, весці дыялог і абменьвацца інфармацыяй пра вайсковыя вучэнні, каб не вырасла напружанасць на нашым кантыненце і каб кожны з нас адчуваў сябе бяспечна.

Сяргей Пеляса, Алесь Сіліч, штаб-кватэра NATO

Фота: VASILY FEDOSENKO/Reuters/Forum; Krystian Maj/FORUM

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 29.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

Глядзі таксама
Каментары