Лукашэнка адкрыў новы будынак Вярхоўнага Суда коштам $ 51 млн


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага будынку Вярхоўнага Суда ў Менску. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.

Лукашэнка адкрывае Вярхоўны суд.
Фота: president.gov.by

Лукашэнка азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі будынку, наведаў некаторыя залы і працоўныя кабінеты, пацікавіўся ўмовамі для працы суддзяў. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што адкрыццё новага будынку Вярхоўнага Суда знакавае не толькі для судовай сістэмы, але і для ўсёй краіны.

«Ён сімвалізуе аўтарытэт судовай улады. Такім і павінен быць палац правасуддзя», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што ў новы будынак уклалі «нямала грошай». «І мне хацелася б, каб ад яго была аддача», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што хацеў, каб новы будынак Вярхоўнага Суда быў вытрыманы ў адным стылі з Палацам Незалежнасці.

Вярхоўны суд.
Фота: president.gov.by

Таксама Лукашэнка правёў нараду па ўдасканаленні дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, у якой узялі ўдзел больш за 360 чалавек. Падчас яе Лукашэнка распавядаў пра незалежнасць беларускай судовай сістэмы, заклікаў справядліва ставіцца да грамадзян, казаў пра неабходнасць змагання з карупцыяй ды закрануў пытанне падрыхтоўкі суддзяў.

ВІДЭА
Новы будынак Вярхоўнага Суда каштуе, як 70 гомельскіх прыбіральняў
2019.01.16 10:39

Новы камфортны будынак паўстаў у паркавай зоне на беразе Свіслачы насупраць рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы на вуліцы Арлоўскай. На будоўлю новай сядзібы суддзяў выдаткавалі ўжо Br 109,5 млн. ($ 51 млн). Каштарыс усіх працаў – Br 166 млн (каля $ 77 млн).

Толькі герб і надпіс на фасадзе – Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь – абышліся дзяржаве прыкладна ў $ 112 тысяч. Хрустальная жырандоля для холу ля галоўнага ўваходу – каля $ 90 тысяч, адных толькі мастацкіх вырабаў – на $ 830 тысяч. Прадугледжаныя нават віп-санвузлы і фантан за $ 300 тысяч.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў