Новы будынак Вярхоўнага Суда каштуе, як 70 гомельскіх прыбіральняў


На будоўлю новай сядзібы менскіх суддзяў выдаткавалі ўжо Br 109,5 млн. ($ 51 млн). Гэта звесткі на 1 студзеня 2019 года. Каштарыс усіх працаў – Br 166 млн (каля $ 77 млн). Гэта кошт прыкладна 70 гомельскіх «залатых» прыбіральняў.

Інфармацыя пра кошт аб’екту змяшчаецца ў новай інвестпраграме сталіцы.

Новы камфортны будынак паўстае ў паркавай зоне на беразе Свіслачы насупраць рэзідэнцыі Лукашэнкі на вуліцы Арлоўскай.

У асноўным, праект фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту, сродкаў інвестараў ды іншых крыніцаў.

Напрыклад, $ 2 млн на аб’ект дала іранская кампанія «Кейсан» за тое, што ім падаўжаюць тэрміны рэалізацыі «Магніту Менску», піша Tut.by.

«Белсат» ужо паведамляў пра частку коштаў, якія сталі вядомыя з тэндараў дзяржаўных закупаў.

Герб і надпіс на фасадзе – Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь – абышліся дзяржаве прыкладна ў $ 112 тысяч. Калі ўявім, што палову займае герб, то кожная літарка абыходзіцца прыкладна ў $ 2 тысячы. Хрустальная жырандоля для холу ля галоўнага ўваходу – каля $ 90 тысяч, адных толькі мастацкіх вырабаў – на $ 830 тысяч. Прадугледжаныя нават віп-санвузлы і фантан за $ 300 тысяч.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў