На імпрэзу, зладжаную Беларускім домам у Варшаве, прыйшло больш за 30 чалавек.
Беларускі дом у Варшаве вырашыў падтрымаць ахвяраў чарговай хвалі палітычных рэпрэсіяў і зладзіў імпрэзу «Лісты салідарнасці». 16 чэрвеня больш за 30 чалавек сабраліся на сядзібе арганізацыі, каб падпісаць паштоўкі палітзняволеным.
Старшыня Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк у каментары «Белсату» зазначыў важнасць падтрымання ўсіх палітзняволеных:
«Мы паказваем, што мы за мяжой не забыліся на Айчыну і моцна перажываем за беларускія справы», – кажа ён.
Падпісаць паштоўкі прышлі не толькі беларусы, але нават і ўраджэнец Бразіліі. Карлас даведаўся пра імпрэзу ад беларускіх сяброў, і вырашыў падтрымаць палітвязняў.
Беларускі дом вырашыў правесці імпрэзу, бо гэтая выбарчая кампанія стала найбольш жорсткай з усіх.
«Беларуская ўлада пачала новую хвалю рэпрэсіяў у сувязі з прэзідэнцкімі «выбарамі», якія прызначаны на 9 жніўня 2020 года. Як ніколі раней, яшчэ на этапе збору подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты яны пачалі саджаць актывістаў пад варту. Беларуская міліцыя затрымала ўжо некалькі дзясяткаў чалавек: незалежных блогераў, апазіцыйных палітыкаў і прыхільнікаў прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі», – гаворыцца на старонцы арганізацыі.
КТ belsat.eu