Лідар «Старога Ольсы» пра цішыню ў штаце Юта, тур па Беларусі і сваю публіку


Стомленыя, але вясёлыя і неяк па-заакіянску энергічныя, вярнуліся з паездкі па ЗША музыкі гурта «Стары Ольса». І ўжо рыхтуюцца да юбілейнага туру па Беларусі. Літаральна на наступны дзень пасля прыезду са Змітром Сасноўскім пагутарыла Вольга Гардзейчык.

З вяртаннем! Як трып, што пабачылі, хто пабачыў вас?

Вялізарны трып. Гарады… Шмат розных гарадоў мы аб’ездзілі, вельмі шмат. Мы падлічылі, што за 73 дні мы выступілі 113 разоў! То бок, былі дні, калі было і тры, і чатыры выступы ў дзень, а ў тыя дні, што не выступалі – пераязджалі паміж штатамі ці паміж гарадамі.

З буйных гарадоў – Нью-Ёрк, Чыкага, двойчы заязджалі ў штат Мэрылэнд. Самае першае, куды мы паехалі надоўга – гэта, як яго называюць у Амерыцы, Дзікі Захад: Юта, Каларада. Там давялося прывыкаць нават дыхаць інакш, бо там вельмі высока, і паветра там асаблівае.

Скажам, я кожны дзень бегаю, і ў прынцыпе, да 8 міль магу прабегчы, а ў гэтых штатах – дзве-тры мілі максімум. Туды, дарэчы, менавіта ў Юту ці Каларада, прыязджаюць амерыканскія спартоўцы перад алімпіядай, адмыслова, каб трэніравацца, бо той, хто там здолее выканаць нарматывы – той усюды іх выканае.

«Стары Ольса» у штаце Мінэсота. Фота прадстаўленае гуртом

У гэтым туры мы не былі на заходнім, ціхаакіянскім узбярэжжы, але цэнтр і ўсход Амерыкі мы аб’ездзілі.

З кожнай паездкай у ЗША вы, здаецца, граеце там усё больш канцэртаў. Хто на іх збіраецца, беларусы, не толькі беларусы ці ўсе, акрамя беларусаў?

У журналістаў, на жаль, ёсць такія прымхі, што мы ездзім у Амерыку граць кавер-версіі на рок-класіку. Не. Мы граем сярэднявечную музыку, а гэты адыход у рок-класіку быў для нас проста асобным праектам.

І другая памылка: тое, што мы быццам ездзім у дыяспару. Дыяспары проста не назбіралася б на столькі канцэртаў! Мы выступаем, у асноўным, на фестывалях сярэднявечнай культуры, якія там, у Амерыцы, досыць вялікія, з рыцарскімі турнірамі, і асноўная нашая публіка – амерыканцы.

А агулам – калі ў нас нават у Беларусі пытаюцца: «Хто вашая публіка?», на гэта вельмі цяжка адказаць. Калісьці наш музыка і арганізатар канцэртаў Сяргей Анішчанка расказаў, што пры нагодзе арганізацыі канцэрту ў Полацку пастаяў у вестыбюлі і паспрабаваў паглядзець, якая ж у нас публіка. І не здолеў вызначыць. Бо гэта і бабулі, і школьніцы, і металісты валасатыя, і скіны брытыя. І тое самае ў Амерыцы: ад старых да маладых.

Зміцер Сасноўскі

То бок – аматары старадаўняй музыкі. А выезд быў арганізаваны ў рамах таго ж кантракту, паводле якога вы ездзілі раней?

Так, гэты выезд ладзіла прадзюсарская фірма, з якой у нас кантракт, яны ладзілі трасу, шукалі дамы, аўтобусы, дамаўляліся з фестывалямі. А другі чалавек, які дапамагаў у арганізацыі ўсяго – нашая флейтыстка Марыя Шарый. Ладзілі яны гэты тур загадзя, за год наперад.

«Стары Ольса» у Чыкага. Фота прадстаўленае гуртом

Ну а публіка як – беларускую ад амерыканскай адрозніце з завязанымі вачыма? Розняцца рэакцыяй, разняволенасцю, ці ўсё меней?

Розняцца. Амерыканская, канешне, больш свабодная ў паводзінах, у эмоцыях. Хоць былі і там выключэнні: у штаце Юта, калі мы тры гады таму трапілі туды ўпершыню, у глядацкай залі была поўная цішыня – і перад выступам, і, што самае галоўнае, пасля. Мы заканчваем песню, поўная зала людзей – і цішыня.

Мы вырашылі, што нешта не падабаецца, але потым даведаліся, што гэта мармонскі штат, дзе вельмі шмат сваіх законаў, яны вельмі веруючыя, і ў іх, як, дарэчы, і ў нашых старых суполках беларускіх пратэстанцкіх, не прынята пляскаць у далоні і гэтак эмоцыі праяўляць. Але ў асноўным – вельмі цёпла прымаюць. І ў Амерыцы ёсць абавязак у музыкаў не сыходзіць пасля канцэрту ў грымёрку, а наадварот – выходзіць туды, дзе прадаюцца дыскі і размаўляць з тымі, хто быў на канцэрце. Амерыканцы ведаюць пра гэта, гэта іх традыцыя, і яны чакаюць, каб пафатаграфавацца, паразмаўляць, распытаць пра інструменты, для іх гэта нармальна. Таму гэта было для нас часткай працы.

Ці пыталіся пра Беларусь? Ці ведаюць ужо штосьці?

Пыталіся пра Беларусь заўсёды. Там прынята, як толькі пачуюць акцэнт, адразу пытацца: адкуль ты? Бо там уся краіна адкульсьці. І – не, амаль ніхто пра Беларусь не ведаў. Даслоўна некалькі чалавек толькі ведалі. А ўсім астатнім даводзілася тлумачыць, што гэта такая краіна паміж Польшчай і Расеяй, паміж Літвой і Украінай. Гэтыя краіны ведаюць, і тады для сябе лакалізуюць ужо і нашую.

Шоў у Нью-Ёрку. Фота прадстаўленае гуртом

У нас нарадзіўся і жарт там, які Алесь Чумакоў не аднойчы казаў са сцэны. Алесь быў вядоўцам нашых канцэртаў, бо добра ведае ангельскую мову, і пачынаў ён так: вось Беларусь, беларуская музыка, беларускае барока, беларуская балада… – ажно надыходзіў час, калі людзі самі ўжо хацелі даведацца, што ж гэта такое – Беларусь, і дзе гэта. (Бо калі на канцэрце не скажаш, дзе Беларусь, то і так пасля канцэрту даводзіцца кожнаму адказваць на гэтае пытанне.) І вось і нарадзіўся жарт: ён пытаўся ў публікі: «Ведаеце такую краіну – Расея?» «Ведаем». «А Кітай ведаеце?» «Ведаем». «Дык вось: Расея – гэта тое, што знаходзіцца паміж Беларуссю і Кітаем». Усе весяліліся, але разумелі.

Гурт «Стары Ольса». Фота прадстаўленае гуртом

І апошняе: чаго вам будзе не хапаць пасля вяртання на радзіму з Амерыкі?

Ды нічога. Усё ў нас класна. Вяртацца ўжо хацелася. Мы за апошнія чатыры гады з-за гэтых паездак, за гэтыя пяць тураў, вельмі шмат згубілі фестываляў у Еўропе. Таму цяпер мы зробім як мінімум на два гады перапынак з Амерыкай, каб аднавіць нашыя кантакты і выступы ў Еўропе. Мы пачалі губляць тут публіку – у Польшчы, Чэхіі, Германіі. Таму ў наступныя два гады будзем узмацняць еўрапейскія сувязі. Але перадусім паедзем у тур па краіне. І ўсіх запрашаем на канцэрты!

У бліжэйшы час «Стары Ольса» зайграе некалькі канцэртаў у Беларусі з нагоды юбілею – 20 год існавання. Праграму канцэрту склалі найлепшыя хіты з усіх 14 альбомаў гурта.

  • 2 лістапада – Берасце,
  • 9 лістапада – Горадня,
  • 16 лістапада – Менск,
  • 23 лістапада – Гомель.

Вольга Гардзейчык belsat.eu

Стужка навінаў