ЛГБТ-актывістку больш не будуць судзіць за плакат «Самі вы падробка»


Cуд Ленінскага раёна Менску спыніў адміністратыўную справу супраць ЛГБТК-актывісткі Вікі Біран за фота з плакатам «Самі вы падробка» каля будынку КДБ.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», суддзя Марына Грамовіч разгледзела справу 30 ліпеня і ўстанавіла, што пратакол за «несанкцыянаваны пікет» (ч. 2 арт. 23.34 КоАП) у дачыненні да актывісткі быў складзены 4 чэрвеня, у суд справа паступіла 27 ліпеня, а само «правапарушэнне» было здзейснена яшчэ 24 траўня. Такім чынам, тэрмін прыцягнення да адказнасці скончыўся яшчэ 22 ліпеня.

На такой падставе суд вырашыў спыніць вытворчасць па адміністратыўнай справе супраць актывісткі.

***

Нагадаем, 16 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Менску прызнаў актывістку вінаватай у парушэнні правядзення масавага мерапрыемства і аштрафаваў яе на 15 базавых велічыняў. Аналагічнае рашэнне 23 ліпеня вынес і суд Маскоўскага раёна. Віка Біран падала скаргі на рашэнні судоў.

24 траўня Віка Біран сфатаграфавалася на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дома Ураду з плакатам «Самі вы падробка». Такім чынам Віка выказала сваю нязгоду з артыкулам гамафобнага зместу пад назвай «Мы за сапраўднае», якая з’явілася на афіцыйным сайце МУС і ў якім непрыязна выказваліся пра людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў