У пачатку тыдня ў амбасадзе Літвы ў Беларусі прайшла канферэнцыя, прысвечаная працы з людзьмі, якія маюць інваліднасць у сувязі з псіхічным здароўем. Канферэнцыю арганізаваў Офіс правоў людзей з інваліднасцю. Бягучая сітуацыя ў краіне такая, што людзям з інваліднасцю вельмі цяжка аднавіць дзеяздольнасць, шмат хто вымушаны ўсё жыццё праводзіць у адмысловых інтэрнатах. Зрухі ў гэтым пытанні на заканадаўчым узроўні пачаліся толькі ў самы апошні час. Карэспандэнт belsat.eu выслухаў адмыслоўцаў, якія намагаюцца зрабіць жыццё людзей з інваліднасцю больш поўным і самастойным.
Мікалай Арол, намеснік начальніка Упраўлення стацыянарных установаў, у справаздачы аб праведзенай працы распавёў пра станоўчыя тэндэнцыі ў сферы дзейнасці РНПЦ:
«Некалькі гадоў таму чаргу ў дыспансеры складалі 900 чалавек. На 1 красавіка гэтага года чэргаў няма ў большасці вобласцяў. Акрамя таго, у інтэрнатах скарачаецца колькасць дзяцей з інваліднасцю».
Сітуацыю з аднаўленнем дзеяздольнасці Мікалай Арол ацэньвае больш крытычна:
«Да прыняцця Закону аб аднаўленні працаздольнасці выхад падапечных з дамоў-інтэрнатаў цалкам залежаў ад дырэктараў установаў. З 2014 да 2017 года 54 чалавекі аднавілі дзеяздольнасць цалкам. Складана ацэньваць, шмат гэта ці мала».
Прадстаўнік Міністэрства працы, Мікалай Арол, намякае на будучыя рэформы: «У новым законе, які рыхтуецца, будзе дастаткова зменаў. Накіраванне на рэабілітацыю будзе замацаванае заканадаўча, будуць змены ў пытанні аб аднаўленні працаздольнасці. Таксама думаем над змяненнем назвы РНПЦ, каб гучала больш сучасна».
Пэўны прагрэс у заканадаўстве таксама адзначае Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю: «У гэтым годзе тэрмін «незалежнае пражыванне» ўпершыню зʼявіўся ў дакументах. Акрамя таго, з нашай падачы пішацца Закон аб сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю, зʼявіцца вызначэнне дыскрымінацыі, якога не было раней».
Аднак застаюцца праблемы, якія шмат у чым увязаныя з заканадаўствам: «Ёсць праблемы з прымусовым лячэннем, аднаўляць дзеяздольнасць самастойна па ўласнай ініцыятыве па-ранейшаму складана. А ў апошняй рэдакцыі Закону (2018) частковая дзеяздольнасць дае чалавеку права распараджацца грашыма. Аднак зарабляць – магчымасці няма, у сэнсе, уладкоўвацца на афіцыйную працу яны не могуць».
Праблема з заробкам развязваецца праз дамоўленасці. Святлана Савіцкая з Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям з інваліднасцю ад імя арганізацыі дамаўляецца з мясцовымі дзяржаўнымі структурамі, якія знаходзяць простую сезонную працу. Грошы перакладаюцца на рахунак прадпрыемства і размяркоўваюцца паміж падапечнымі.
Валерый Сіўцоў, дырэктар дзяржаўнага Псіханеўралагічнага інтэрнату для састарэлых і людзей з інваліднасцю № 1, заключае кантракты з рознымі фірмамі (напрыклад, цяпер яго падапечныя збіраюць гадзіннікі), пасля чаго агаворвае з пацыентамі пакупкі ў краме. Частка грошай траціцца на патрэбы больніцы, арганізуюцца паездкі, набываюцца харчы. Існуе камісія выдаткоўвання заробленых сродкаў, якая і вызначае, як распарадзіцца заробкам. Гэта ўплывае на матывацыю людзей:
«Як сказаў адзін з маіх хлопцаў, лепш сядзець у майстэрні, чым у аддзяленні. Аднак усе хочуць аплаты. І гэтая праблема стаіць разам з арганізацыяй працоўных месцаў».
Фінансавае пытанне ў некаторых псіханеўралагічных інтэрнатах развязваецца з перагібамі, пацвярджае Вольга Рыбчынская з менскага клубнага дому «Адкрытая душа». У многіх выпадках арт-тэрапія ўспрымаецца як магчымасць зарабіць. І вынік у шэрагу выпадкаў ацэньваецца не тэстамі і станам чалавека, а прыбыткам ад лячэбнага працэсу. Тут паўстае пытанне аб абавязковым падзеле арт-тэрапіі (чыста творчага працэсу) і працоўнай тэрапіі (атрыманне матэрыяльнага выніку), які разумеюць не ўсе.
Былі заяўленыя пытанні на будучыню, якія не ўваходзяць у парадак дня: сексуальнасць, якая лечыцца транквілізатарамі (цяжарнасць аўтаматычна заканчваецца спаронам), і перападрыхтоўка ды пошук кваліфікаваных кадраў. Гэтыя пытанні не закранаюцца заканадаўствам, і застаецца толькі чакаць улучэння падобных тэмаў у парадак дня.
СТ belsat.eu