«Курапаты ўпарта не хочуць станавіцца гісторыяй». Сяргей Пальчэўскі напісаў апавяданне


Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі напісаў успаміны пра тое, як у лютым 2017 паўстала намётавае мястэчка ў Курапатах. Свае апавяданне ён выклаў на старонцы ў Facebook.

Сярод галоўных герояў – сам Сяргей і ягоныя паплечнікі: Зміцер Дашкевіч, Арцём Леўчанка, Уладзь Яроменак ды іншыя актыўныя абаронцы Курапатаў.

Паводле словаў Сяргея, на напісанне гэтых успамінаў яго натхніла апавяданне яшчэ аднаго ўдзельніка Абароны-2017 Алеся Кіркевіча.

Пальчэўскі падчас пратэстаў паклаўся пад кола МАЗу і прыкаваў сябе да бамперу грузавіка, дапамагаў спыняць будаўнічую тэхніку, ночыў ля «бочкі годнасці». Вось як аўтар апісвае тыя падзеі:

«Калі я ўскочыў на трактар і адкрыў кабіну, я разумеў, што гэта максімум, які я магу сабе дазволіць у гэтай сітуацыі. Але, дзякуй Богу, гэтага апынулася дастаткова, каб яго спыніць. Такая сабе псіхалагічная барацьба адбывалася, у каго нервы мацнейшыя.

Сяргей Пальчэўскі, паклаўся пад колы грузавіка будаўнікоў і прыкаваў сябе кайданкамі да бампера.

Недзе каля дванаццатай гадзіны на будпляцоўку прыехалі два чалавекі ў цывільным і пачалі насіць бярвенні. Выглядалі яны дзіўна для гэтай справы. У пухавых куртках, скураных туфлях. Але казалі, што яны будаўнікі. Мы залезлі на бярвенні, каб перашкодзіць ім іх цягаць. Так пачалася наша першая бойка з будаўнікамі. Хаця бойкай гэта можна назваць толькі з нацяжкай. Ніхто нікога не біў, але вельмі моцна штурхалі адзін аднаго, вырывалі бярвенні. У момант, калі эмоцыі дасягнулі піку і з высокай доляй верагоднасці ўсё магло перарасці ў сапраўдную бойку, паміж варагуючымі бакамі нечакана з’явіўся міліцыянт у цывільным, і, як у амерыканскіх фільмах пра копаў, выцягнуў руку з адкрытай ксівай і выкрыкнуў: «Усім стаяць! Міліцыя!»…

Сяргей праводзіць паралель паміж леташнім пратэстам і сёлетняй абаронай Курапатаў.

– Калі я пісаў гэты аповед, я ўсведамляў, што гісторыя супрацьстаяння ў Курапатах на гэтым не скончыцца. Але я не думаў, што так хутка зноў пачнецца гэтае супрацьстаянне. Год прайшоў з абароны мемарыяла ў 2017 годзе, і зноў беларускае грамадства праходзіць выпрабаванне на спеласць Курапатамі, – напісаў ён.

Пальчэўскі адзначае, што «Курапаты ўпарта не хочуць станавіцца гісторыяй і дагэтуль вызначаюць развіццё і станаўленне беларускага народа, праз выпрабаванні адраджаюць гэты народ, развіваюць грамадзянскую супольнасць, самасвядомасць, прымушаюць узгадваць свае нацыянальныя каштоўнасці і нацыянальную годнасць».

***

7 сакавіка 2017 года, калі пратэст у Курапатах ужо завяршыўся, Пальчэўскага затрымалі і асудзілі на 10 содняў арышту, аднак ужо 10 сакавіка патаесна вывезлі з ізалятару на Акрэсціна. 22 сакавіка яго паўторна затрымалі, але гэтым разам ужо па крымінальнай «справе патрыётаў». 15 красавіка Пальчэўскага адпусцілі з СІЗА КДБ. Неўзабаве ён прызнаўся, што падпісаў паперу аб супрацы са спецслужбай. Такім чынам, супраца была ануляваная. 8 чэрвеня Пальчэўскі атрымаў паведамленне ад СК, што справу ў дачыненні да яго спынілі.

Тым жа летам актывіст з’ехаў на Данбас, дзе пэўны час ваяваў на баку Украіны. Нядаўна ў інтэрвʼю belsat.eu Пальчэўскі распавёў, ўто цяпер жыве ў Кіеве і працуе ахоўнікам.

Пазней стала вядома, што супраць яго ў Беларусі распачалі калісьці закрытую справу аб ДТЗ. Паводле сілавікоў, больш за гд таму Сяргей нібыта здзейсніў наезд на машыне на жанчыну, а пацярпелая звярнулася ў суд. 6 ліпеня адбылося першае паседжанне ў судзе Фрунзенскага раёну. Наступнае прызначана на 14.00 20 ліпеня.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары